Алесь Чахольскі: у Курапатах здзейснены акт дзяржаўнага вандалізму

У Курапатах прайшла прэс-канферэнцыя з нагоды пераследу сяброў КХП БНФ за ўсталяванне крыжа забітым літоўцам 27 снежня. Алесь Чахольскі распавёў, што рыхтуе скаргі ў Пракуратуру і Следчы камітэт.

Перадгісторыя такая: 27 снежня 2018 года група патрыётаў усталявала новы драўляны крыж на месцы старога спарахнелага крыжа памяці расстраляных у Курапатах літоўцаў. Новы крыж быў выраблены на просьбу патрыётаў грамадзянамі Літвы і меў шыльдачку з эпітафіяй “Памяці забітых літоўцаў. 1937 – 1941”.

Ужо праз некалькі гадзін удзельнікі варты ля рэстарана “Поедем поедим” паведамілі па тэлефоне кіраўніку грамадскай дырэкцыі народнага мэмарыяла Курапаты Алесю Чахольскаму, што работнікі Лясгаса выдалілі новы крыж з зямлі і звезлі з Курапатаў. КХП-БНФ звярнулася ў Лясгас з прапановай вярнуць крыж на месца і тады не разгалошваць здарэнне. Прапанову адхілілі. Крыж дасюль знаходзіцца ў будынку Бараўлянскага Спецлясгаса.

Тады КХП-БНФ звярнулася ў амбасаду Літвы. Дыпламаты папрасілі два тыдні, каб вырашыць пытанне на ўзроўні Міністэрстваў замежных спраў без агалоскі ў прэсе. Вынікаў пакуль няма. Затое стала вядома, што супраць сяброў КХП БНФ Юрыя Беленькага і Валерыя Буйвала, якія ў момант усталявання крыжа знаходзіліся ў Курапатах, распачаты адміністрацыйны працэс, які вядзе камісія па ідэалогіі Мінскага райвыканкама. Іх вінавацяць па артыкуле 19.3 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях “Парушэнне парадку і (або) умоў выканання работ на гістарычна-культурных каштоўнасцях”.


Прэс-канферэнцыя 21 студзеня прайшла на месцы крыжа расстраляным літоўцам. Выступалі Алесь Чахольскі і Валер Буйвал. Алесь Чахольскі заявіў, што выпадак беспрэцэдэнтны: раней крыжы ў Курапатах выдзіралі толькі вандалы. Таму ён лічыць, што здзейснены акт дзяржаўнага вандалізму. Курапаты ён разглядае як могілкі, дзе кожны беларус мае права паставіць крыж без узгаднення з Міністэрствам культуры. Актывіст рыхтуе скаргі ў Пракуратуру і Следчы камітэт. Плануюцца таксама звароты да грамадства Літвы. Пасля прэс-канферэнцыі актывістка Вольга Мікалайчык паставіла на месца крыжа лампадку.


Бадай, галоўная супярэчнасць у тым, што кожны зацікаўлены бок бачыць у Курапатах толькі “сваю” частку. Для актыўных грамадзян гэта могілкі, якія варта адпаведным чынам даглядаць і ўпарадкоўваць. Для Міністэрства культуры – гістарычна-культурная каштоўнасць, якую трэба ахоўваць ад “самабуду”. Для Лясгасу – гэта ў першую чаргу лес. Ці прыйдуць бакі да разумення, пакажа адміністрацыйны працэс супраць Юрыя Беленькага і Валерыя Буйвала.

Чарговае паседжанне па справе пройдзе ў Мінскім райвыканкаме (вул. Альшэўскага, д. 8) 22 студзеня а 15.00. Паседжанне адкрытае.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!