Алесін: Часам аналітыку і расследаванне цяжка адрозніць ад шпіёнскай дзейнасці

КДБ агучыў, якія «шпіёнскія» заданні выконваў у нашай краіне украінец Павел Шаройка. Але ці сапраўды звесткі, якія збіраў акрэдытаваны журналіст, сакрэтныя? Можа, усё неабходнае можна знайсці ў вольным доступе?

Кадр з тэлеэфіру

Паводле агучанай у эфіры БТ інфармацыі, куратары з ваеннай выведкі Мінабароны Украіны даручылі Шаройку даведацца, да прыкладу, пра “асаблівасці мытнага рэжыму ў частцы ўвозу ў дзяржаву тэхнічных сродкаў электрасувязі і электронна-вылічальнай тэхнікі”. Па словах Аляксандра Алесіна, гэтая інфармацыя не сакрэтная, але, хутчэй за ўсё, мае грыф “для службовага карыстання”.

Аляксандр Алесін распавёў: “Ёсць нейкі закрыты пералік са сферы ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва, і тычыцца перамяшчэння праз мяжу ваеннага абсталявання, ваеннай тэхнікі, маёмасці і іх кампанентаў. Улічваючы, што ў нас ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва шмат з якімі краінамі, выконваем зборку і рамонт за межамі нашай краіны, адбываецца перамяшчэнне праз мытную мяжу розных ваенных матэрыялаў, то гэты раздзел, магчыма, закрыты. Гэта не вялікі сакрэт, але ― “для службовага карыстання”.

Гэта проста таму, што пералічаная ў тых спісах “наменклатура”, дае магчымасць зразумець, чым мы ў ваенным плане гандлюем.

Апроч гэтага, Шаройка нібыта меў заданне высветліць “наяўнасць у памежных з Украінай раёнах пакрыцця айчынных аператараў мабільнай сувязі, размеркаванне радыёчастотных рэсурсаў”.

 

На думку кіраўніка аналітычнага праекта Belarus Security Blog Андрэя Паротнікава, пакрыццё аператараў мабільнай сувязі “можна ўбачыць на любой схеме” ― гэта абсалютна не сакрэтная інфармацыя.

А вось канкрэтна з радыёчастотамі “ёсць нюансы”, кажа Аляксандр Алесін.

Алесін: “Частка гэтых частот выдзеленыя Мінабароны, Памежнаму камітэту, КДБ, нешта ёсць у грамадзянскай авіяцыі. Гэта, і асабліва тая частка, якая тычыцца ваеннай сувязі, ― відавочна, сакрэтная інфармацыя”.

Навошта ўкраінскай выведцы трэба ведаць “стан радыёаматарства сярод мясцовага насельніцтва”, мае суразмоўцы патлумачыць не здолелі. “Каб здагадацца пра мэты такога задання, неабходна прыкласці вялікую фантазію… Можа, каб мець сувязь пад прыкрыццём радыёаматараў ― як у фільмах пра разведчыкаў часоў Шцірліца”, ― мяркуе Аляксандр Алесін.

Заданне, якое, паводле нашых контрразведчыкаў, атрымлівае Шаройка на 2017 год, асабіста мяне здзіўляе: вывучаць Саўмін, МЗС, пасольства і ваенныя аб’екты Расіі ў Беларусі, заводзіць там знаёмствы. Ну, чыста журналісцкае заданне ж! Маючы “знаёмствы”, да прыкладу, у Саўміне я магу першым здабыць інфармацыю пра тое, якія дні будуць абвешчаныя выхаднымі ў наступным годзе. Я шпіён?

“Калі гаворка ідзе пра абмен нейкай інфармацыяй, меркаваннямі ці пазіцыяй ― гэта адно. Калі ж чалавека цікавяць дакументы, то тут узнікаюць іншыя пытанні”, ― расчароўвае мяне Андрэй Паротнікаў.


“Наконт расійскіх ваенных аб’ёктаў усе не так бяскрыўдна, ― разважае Аляксандр Алесін. ― Бо ўкраінскі бок вельмі цікавіцца такімі аб’ектамі. І існуючымі, і тымі, якія могуць з’явіцца ў будучым, планамі на гэты конт”.

Мяне расійскія ваенныя базы ў Беларусі таксама па-журналісцку цікавяць ― і існуючыя, і будучыя. Дык хто ж я? Журналісты, кажа Алесін, часам ненаўмысна трапляюць у такую сферу, якая з’яўляецца закрытай. За што часам атрымліваюць. Як, дарэчы, і сам Аляксандр Алесін, якога спецслужбы аднойчы затрымалі па падазрэнні ў шпіянажы.

Андрэй Паротнікаў звяртае ўвагу на іншае: калі раней Шаройку вінавацілі ў выведванні “звестак выведніцкага характару ў ваенна-палітычнай сферы”, то цяпер кажуць пра зоны пакрыцця мабільных аператараў і знаёмствы ў Саўміне ды цікавасць да расійскіх ваенных баз.

 Зміцер Лукашук, euroradio.fm

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць