Аляксандр Францкевіч: Ім не падабаецца? Значыць, буду рабіць гэта часцей

Вечарам 1 студзеня вызваліўся з ЦІП на вуліцы Акрэсціна Аляксандр Францкевіч. Нягледзячы на цяжкі паслясвяточны дзень, яго прыйшло сустракаць шмат сяброў і проста неабыякавых грамадзян. 



Аляксандр Францкевіч — былы палітвязень. У траўні 2011-га ён быў асуджаны па «справе анархістаў» да трох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Выйшаў на волю 3 верасня 2013-га.  
 
Францкевіч быў затрыманы 20 снежня мінулага году каля дома-музея I з'езда РСДРП. У той час на праспекце Незалежнасці праходзіла акцыя пратэсту аўтамабілістаў «Стоп-падатак»
 
Да Аляксандра падышлі невядомыя асобы ў цывільным без апазнавальных бэйджыкаў, калі пабачылі, што ён здымае на тэлефон супрацоўнікаў міліцыі. За Францкевіча спрабавалі заступіцца Анастасія Кухта і Анастасія Шатэрнік, у выніку чаго больш за двое з паловай сутак усе трое правялі ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна. 
 
23 снежня суд аштрафаваў дзяўчын, а Францкевіч атрымаў 12 сутак арышту.
 
Выпусцілі яго без усялякіх «фокусаў» у 18:35. Спецназаўцам, мабыць, далі адпачыць — іхнага мікрааўтобусу з таніраваным шклом і без нумароў не было відаць. За сустрэчай назіраў толькі адзін супрацоўнік у цывільным на легкавым аўтамабілі. 
 
Перад яго выхадам цэлую гадзіну на тэрыторыю ЦІП не пускалі міліцэйскі бусік з нейкім затрыманым. Баяліся адчыняць вароты, каб не штурмавалі? Затрыманы лаяўся і грукаў у дзверы аўтамабіля, скардзіўся на тое, што яму кепска, міліцыянт на яго пакрыкваў, але не вельмі злосна — ці то быў лагодны пасля навагодняга свята, ці то саромеўся сведак. 
 
Аляксандра сустрэлі воплескамі і воклічамі. 
 
Ён распавёў, што адміністрацыя арыштантаў са святамі не віншавала, але ў навагоднюю ноч выключылі святло ў камеры — такі сабе падарунак. 
 
Усміхаючыся, Аляксандр запэўніў, што запужаць яго не ўдалося — ён і надалей будзе прымаць удзел у акцыях пратэсту. «Ім не падабаецца, што я здымаю? Значыць, буду рабіць гэта часцей, хай ведаюць». 
 
Нагадаем, што 20 снежня суддзя Цэнтральнага раёна Мінска Вікторыя Шабуня пакарала адміністратыўным арыштам на 15 сутак за пікет салідарнасці з Майданам, які ладзіўся ля амбасады Украіны ў Мінску 30 лістапада, Максіма Вінярскага
 
Суд прызнаў актывіста вінаватым у парушэнні арт. 23.34 КаАП РБ (парушэнне парадку правядзення альбо арганізацыі масавага мерапрыемства).    
 
Максім папрасіў суд адтэрмінаваць выкананне пакарання на месяц з прычыны хваробы яго маці. На знак пратэсту супраць рашэння суддзі Вікторыі Шабуня Максім Вінярскі абвесціў галадоўку. 
 
Сустрэць яго пасля вызвалення можна будзе 3 студзеня ў 20:00. 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!