Алякандра Герасіменя прапануе захаваць здароўе да перамогі

Кіраўніца Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці, алімпійская чэмпіёнка Аляксандра Герасіменя расказала «Свабодзе» пра крэатыўную акцыю «Зборная здаровага ладу жыцця» супраць алкаголю і тытуню, якую распачалі свабодныя спартсмены.

Яны заклікаюць не купляць алкаголь і цыгарэты, даход з якіх атрымліваюць «кашалькі» Лукашэнкі, а таксама трымацца здаровага ладу жыцця, каб заставацца псіхічна і фізічна моцнымі і ўстойлівымі на шляху да перамогі мірнай рэвалюцыі.

Глядзіце відэаінтэрв’ю з Аляксандрай Герасіменя цалкам

Асноўныя тэзісы кіраўніцы Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці

Чаму важна самому змяніцца да лепшага

— Мы хочам аб’яднаць усіх ідэяй здаровага ладу жыцця, каб беларусы з’ядналіся дзеля добрай і здаровай ідэі. Гэта адмаўленне ад алкаголю, ад любога спіртнога, цыгарэт, ад усіх шкодных звычак. Гэта можа зрабіць кожны беларус, каб паказаць, колькі нас хочуць змяніцца да лепшага, каб разам уступіць у новую Беларусь.

Як праз адмаўленне ад шкодных звычак пацярпяць сілавыя структуры

— У 2020 годзе бюджэт Беларусі атрымаў больш за 1 млрд. долараў ад акцызаў на цыгарэты і алкаголь. Пры гэтым штогод у краіне ад хвароб, звязаных з курэннем, памірае больш за 15 тысяч чалавек, а алкаголь забірае жыцці 20 тысяч беларусаў. Адмовіўшыся ад шкодных звычак, мы скароцім гэтыя паступленні ў бюджэт. Мы разумеем, куды ідуць гэтыя грошы — не беларускаму народу. Хочацца, каб самі беларусы свае ж грошы збераглі такім чынам.

Чаму галава павінна быць цвярозай

— Хочацца беларусаў узрушыць. Шмат часу прайшло, усім вельмі цяжка, а для таго, каб нешта мяняць увогуле, трэба памяняцца самім. Гэта не значыць, што ад заўтра трэба адмовіцца ад усяго. Я разумею, што гэта складана, у многіх гэта залежнасць, але мы зробім усё дзеля таго, каб зменшыць колькасць спажыванага алкаголю ў Беларусі. Паводле статыстыкі, Беларусь на адным з першых месцаў у свеце па спажыванні алкаголю. Гэта жудасныя паказчыкі. Мы разумеем, колькі людзей у краіне пʼюць і пагружаюцца ў незразумелы стан. Хочацца, каб галава была цвярозай, каб беларусы ўключаліся ва ўсе працэсы і верылі ў сябе.

Хто з вядомых спартсменаў бярэ ўдзел у кампаніі

— Удзельнікамі кампаніі сталі, акрамя мяне, Андрэй Краўчанка (лёгкая атлетыка), Наталля Лешчык (мастацкая гімнастыка), чэмпіёны свету Віталь Гуркоў і Сяргей Скіба (тайскі бокс), прызёры чэмпіянатаў Еўропы Дзмітры Шэршань (дзюдо) і Святлана Кудзеліч (лёгкая атлетыка), рэкардсмен Беларусі Павал Санковіч (плаванне) ды многія іншыя. Гэта не толькі пра спорт і фізкультуру. Да кампаніі будуць падключацца дактары, псіхолагі. Мы думалі пра тое, што зрабіць пазітыўнага і прыемнага для кожнага беларуса, бо ў нас цяжкі псіхалагічны стан амаль у кожнага. Мы хочам дадаць дынаміку ў жыцці людзей. Гэта тое аптымальнае, што мы можам зрабіць, у чым мы спецыялісты як спартсмены.

Чаму гаворка ідзе пра захаванне здароўя нацыі

— Мы разлічваем весці кампанію вясной і ўвесь летні перыяд. Шмат беларусаў праз каронавірус застаюцца дома, і мы будзем уцягваць усіх, хто хоча змяніцца. Гаворка ідзе пра захаванне здароўя нацыі. Я казала яшчэ ў верасні, калі беларусы выходзілі на прагулкі — хадзілі, бегалі, уцякалі, — што гэта быў першы крок да аздараўлення нацыі. Мне бацька казаў, што ніколі раней па 10 кіламетраў не хадзіў — і адчуваў сябе пры гэтым добра. Пачалі з прагулак, потым бегалі, цяпер больш актыўна пачнём уключацца і развіваць усе часткі цела. У здаровым целе — здаровы дух. Будзем развівацца гарманічна.

Чаму не абавязкова адмаўляцца цалкам ад шкодных звычак адразу

— Я сама ніколі не курыла, слабыя алкагольныя напоі піла на святы ў невялікай колькасці, а цяпер цалкам адмаўляюся ад алкаголю. Для мне гэта не будзе складана. Гэта не значыць, што кожны цалкам павінен адмовіцца. Калі ты курыў пачак на дзень, выкуры палову пачка. Гэта будзе твая перамога на дадзены момант. Нават калі на тры чвэрці зменшыць колькасць алкаголю, гэта ўжо будзе перамога. Мы ўжо маем першыя водгукі ад людзей, якія адмовіліся ад алкаголю і цыгарэт, і яны цудоўна сябе адчуваюць.

Залежнасць праходзіць праз 3 тыдні

— Ёсць такі псіхалагічны тэрмін — 21 дзень, калі на працягу трох тыдняў ты адмаўляешся ад чагосьці. Лічыцца, што пасля гэтага тэрміну залежнасць цалкам сыходзіць. Я на сабе гэта правярала. Што тычыцца майго досведу, то павінен быць комплекс: правільнае харчаванне, фізічная нагрузка і станоўчыя эмоцыі. Я імкнуся гэтага прытрымлівацца.

Пра анлайн-трэніроўкі са спартыўнымі зоркамі

— Знакамітыя спартсмены будуць дзяліцца сваімі сакрэтамі і практыкамі, будуць паказваць практыкаванні. На першым этапе гэта будуць відэаролікі, якія можна будзе спампаваць, далей мы плануем анлайн-трэніроўкі, каб можна было ў жывым эфіры пазаймацца разам з вядомымі спартсменамі.

 


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: