Аляксандр Фядута: Глядзець беларускае тэлебачанне — гэта форма катавання

Палітолаг Аляксандр Фядута, якога абвінавачваюць у падрыхтоўцы дзяржаўнага перавароту і замаху на Аляксандра Лукашэнку, распавёў «Народнай Волі» ў чарговым лісце, якія да яго ўжываюць катаванні ў СІЗА КДБ.

З ліставаннем пакуль па-ранейшаму ёсць цяжкасці. Пра гэта кажа і сам Фядута: «Наша пошта працуе надзвычай выбарачна... лісты рэальна даходзяць цяжка».

Як стала вядома, Аляксандр Іосіфавіч нядаўна змяніў камеру — цяпер ён сядзіць разам з «адным вядомым фінансістам».

«Я ўжо ў трохмесным "нумары" нашага "гатэля", — піша ён.— "Нумар" з выгодамі, "пастаяльцы" цалкам інтэлігентныя. Мы ладзім. Адміністрацыя асабліва не чапляецца, хоць і не ліберальнічае. Усё па інструкцыі, што не можа не радаваць».

Калі меркаваць па лістах, Фядута рэгулярна глядзіць беларускае тэлебачанне. Але яно яго не вельмі натхняе.

«Пісаць пра беларускае тэлебачанне не хочацца, — піша Фядута. — Хоць гляджу яго кожны вечар. Гэта адзіная форма катавання, якая ўжываецца да мяне. Як калі б дзве гадзіны ў дзень прымушалі прымаць ірвотнае. Такі разгул бесталаннасці! Зрэшты, расійскае TV не нашмат лепш…

Ратуюся чытаннем: Караткевіч, Талстой, Галсуорсі. Дачытваю "Сагу аб Фарсайтах". Разумныя суразмоўцы. Адзін з сукамернікаў (ужо былы) упершыню ў жыцці прачытаў галоўныя трагедыі Шэкспіра. Другі з маёй падачы чытае раман Альфрэда дэ Віньі «Сэн-Мар» аб змове супраць кардынала Рышэлье і яхідна каментуе нашу змову. Смяёмся ўсе!»


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: