Аляксандр Ярашук: Хлусяць на кожным кроку…

Старшыня Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук выказаўся пр сітуацыя з бруднай вадоў у Мінску.



Нагадаем, што ў некаторых раёнах Мінска жыхары пачалі адчуваць, што вада з-пад карана мае непрыемны пах. Як аказалася, ваду было забаронена піць, але чыноўнікі і санстанцыя пра гэта цэлы дзень нічога не казалі.

Аляксандр Ярашук пракаментаўва сітуацыю «Радыё Рацыя»:

— У Беларусі створана сістэма, пры якой такія наступствы абсалютна прадказальныя. У краіне 26 гадоў адбудоўваюцца “пацёмкінскія” вёскі, і ўвесь час людзям хлусяць. Натуральна, у такіх умовах дэградуюць і органы кіравання, і інфраструктура. У інфраструктуру не ўкладваліся дзяржавай тыя сродкі, якія павінны ўкладвацца. У тым ліку, што датычыцца водазабеспячэння.

Калі хто не памятае, то было абяцанне яшчэ ў 2015 годзе перавесці сталіцу на артэзіянскае забеспячэнне вадой, але воз да гэтага часу на месцы. А дату ўсё пераносяць і пераносяць на больш позні тэрмін.

Але і гэта – паўбяды. Бяда ў тым, што насамрэч сістэма, настолькі заснаваная на фальшы, што ніхто не хоча казаць праўду. Галоўны санітарны ўрач у першы дзень дае інструкцыі чыноўнікам, што нельга спажываць ваду, а людзям пра гэта цэлы дзень не кажуць, а заяўляюць, што вада ў межах санітарнай нормы.

Чаму ў першы ж дзень ніхто не сказаў менчукам, як сябе весці? Чаму ніхто не ўзяў адказнасць сказаць праўду? І гэта, напэўна, самае драматычнае ў гэтай сітуацыі. Мы бачылі хлусню зараз, як бачылі хлусню чыноўнікаў і падчас пандэміі. Хлусня на кожным кроку.

Сітуацыя з вадой паказала, што сістэма не можа рэагаваць на тыя выклікі і пагрозы, якія адбываюцца. Няхай бы чыноўнікі пастаялі ў чэргах за вадой і паслухалі, што пра іх людзі кажуць.

— Многія ў сацыяльных сетках з сумам кажуць: брудная вада ў кранах – гэта яшчэ не так страшна, а хутка запусцяць атамную электрастанцыю…

— Такія паралелі самі напрошваюцца. Здарылася, што нейкім чынам брудная вада пайшла людзям, дык патлумачце ім, што адбылося. Дайце парады і рэкамендацыі, што трэба рабіць. А гэта не зрабілі адразу.

Атамная станцыя – гэта і насамрэч не брудная вада з-пад крана. Калі не дай Божа нешта там здарыцца, баюся, што народ таксама не ўсю праўду адразу пачуе. Гэта ўсё яскрава праявілася на фоне сітуацыі з каронавірусам у Беларусі.

 Таму, безумоўна, вельмі трывожна. Мы бачым, якая цяпер узнялася хваля недаверу да ўладаў. І ўзнікла яна не на пустым месцы.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: