Аляксандр Кабанаў асуджаны на 10 сутак

Сябра АГП Аляксандр Кабанаў з Бярозы асуджаны на 10 сутак арышту за арганізацыю і правядзенне ў Брэсце несанкцыянаванага мерапрыемства 5 сакавіка. Было бачна, што суддзя Наталля Мінчанка моцна намагалася, каб падвесці факты да такога прысуду.

Фота www.racyja.com

Пад увагу былі ўзяты толькі сведчанні брэсцкіх міліцыянтаў, якія былі супярэчлівымі. Не звернута ўвага суддзі Мінчанкі на юрыдычна непісьменна аформленыя пратаколы.

Па словах адваката Кабанава Паўла Алесіка, па такіх пратаколах нельга пачынаць судовае пасяджэнне. Тым не менш працэс прайшоў, у рашэнні суда ніхто з прысутных і сам Аляксандр Кабанаў не сумняваліся, кажа Аляксандр Кабанаў:

— Асудзілі на 10 сутак. Атрымліваецца, што 25–26 сакавіка я буду сядзець.  І я не змагу прыняць удзел у маршы, які мы арганізоўваем у Бярозе. Была каманда па максімуму судзіць.

Аляксандра Кабанава забралі адразу ў зале суда міліцыянты. Каля 10 міліцыянтаў, уключаючы падпалкоўнікаў і маёраў, чакалі Кабанава ў калідоры суда яшчэ да пачатку працэсу, 4 з іх увесь час знаходзіліся ў судовай зале, дзе слухалася справа.

Першае паседжанне па гэтай справе адбылося 15 сакавіка. Суд перанёс слуханне на 21, задаволіўшы хадайніцтва Кабанава аб патрэбе абаронцы. Перад першым пасяджэннем Кабанава на суткі закрылі ў ізалятары часовага ўтрымання. Аляксандр Кабанаў будзе абскарджваць рашэнне суда, якое ён назваў незаконным.

www.racyja.com



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: