Аляксандр Румо: «Бог не фраер, ён усё бачыць. Я веру ў сусветную сілу дабра»

У сераду юнацкая зборная Беларусі па хакеі страціла галоўнага трэнера: Аляксандр Румо сышоў са сваёй пасады.



У інтэрв'ю Андрэю Маслоўскаму для TRIBUNA.COM Аляксандр Румо распавёў, як адбывалася звальненне, і выказаўся пра хакеістаў, якія маўчаць.

— Вы ж былі гатовыя да таго, што страціце працу?

— Так. Я не падтрымліваю сёння генеральную лінію, таму быў гатовы. Працаваў з камандай і ведаў, што гэты момант прыйдзе. Праўда, думаў, што Міністэрства спорту раней адрэагуе, але ўсё неяк зацягнулася. Хтосьці проста патэлефанаваў і спытаў: «адмаўляецеся ад ліста?» Я сказаў: «Не». На гэтым перамовы скончыліся.

— Не запомнілі, хто тэлефанаваў?

— Там не прадставіліся.

На мінулым тыдні адбылася сустрэча са старшынёй федэрацыі хакея [Дзмітрыем Баскавым], на якой мне паведамілі адназначную пазіцыю Федэрацыі: трэнер нацыянальнай каманды павінен падтрымліваць уладу і генеральную лінію партыі. Я з гэтым цалкам не згодны, таму напісаў заяву і сышоў.

— У якім рэчышчы праходзіла ваша размова з Дзмітрыем Баскавым?

— У звычайным. Мы проста абмяняліся меркаваннямі з нагоды ўсяго таго, што адбываецца ў Беларусі. Кожны застаўся на сваёй пазіцыі. Гэта была звычайная мужчынская размова.

— Як навіны каманда ўспрыняла?

— Падзякавалі адзін аднаму за працу, паціснулі рукі.

— А сямейнікі што сказалі? Усё ж такі вы страцілі працу.

— Хатнія ўспрынялі нармальна. І жонка, і дзеці ведалі маю пазіцыю. І тое, што адбылося, ўспрынялі гэтак жа спакойна, як і я. Не будзе гэтай працы — будзе іншая. Гэта далёка не першая мая страта працы. З 2000-х гадоў я папрацаваў у многіх клубах. Кожны трэнер павінен быць гатовы да страты працы. Гэта неад'емная частка яго жыцця, да таго ж я вельмі стрэсаўстойлівы.

— Але бліжэйшым часам, напэўна, цяжкавата будзе знайсці працу.

— Ну не ўсё ж жыццё, калі так разабрацца, працаваць у хакеі. Будзе відаць, дзе я буду.

Я заўсёды кажу сабе: «Рабі, што павінен, і хай будзе, як будзе». Я вырас на Казлова. У нас быў класны двор. І там заўсёды было так, што калі ў цябе было нейкае пытанне ці нейкае меркаванне, то ты яго павінен абавязкова выказаць. Калі ты за нешта выступаеш, ты павінен выказацца, нягледзячы на тое, хто перад табой. І мне лепш, калі шчыра, шукаць працу, чым прамаўчаць.

— Якое ўражанне на вас зрабілі нядаўнія падзеі ў Беларусі?

— Гнятлівае. Нават каментаваць тут няма чаго. Прайшло больш за месяц, а ніхто не пакараны і ніхто не прызнае памылак. На народ як плявалі, так і плююць. Ніякіх зрухаў. Да простага чалавека ставяцца, як да гнома. І нават не хочуць да яго паварочвацца.

— Верыце ў тое, што сілавікі ўсё ж атрымаюць пакаранне за перавышэнне паўнамоцтваў?

— Веру. Нават калі не тут, то... ёсць жа прымаўка: «Бог не фраер, ён усё бачыць». Я веру ў сусветную сілу дабра. Невядома, што адбудзецца потым. Пакаранне можа быць зусім не такім, аб якім усе думаюць. Але яно будзе.

— З Мінспорту тэлефанавалі не толькі вам, але і іншым спартсменам. Як ставіцеся да такіх званках і ціску?

— Думаю, гэта праява страху. Калі вы лічыце, што цяпер спартовец не павінен мець свайго меркавання, не мае права выказвацца і гэтак далей, то звальняйце яго. Чаго пагражаць? Але я наогул не аналізую дзеянні ні Міністэрства спорту, ні каго б там ні было. Ну, бойцеся далей.

— Памянялася стаўленне да калег з-за іх маўчання?

— Баіцца шмат людзей. Таму я да іх стаўлюся гэтак жа, як і да ўсіх, хто баіцца. Сядзець адной дупай на двух цягніках, якія ляцяць насустрач адзін аднаму, вельмі цяжка! Калі ў кагосьці так атрымліваецца, сцяг яму ў рукі. Я заўсёды адказваю за сябе, за свае дзеянні і ўчынкі. Я так ніколі не ездзіў, не езджу і не збіраюся гэтага рабіць.

— Вы разумееце такіх людзей, як той жа Баскаў?

— Вядома! Дзмітрый выразна заявіў: «Я за прэзідэнта». І на сустрэчы мне гэта паўтарыў. Я ў адказ агучыў яму сваю пазіцыю. А вось пазіцыя тых, хто маўчыць, мне незразумелая. Людзі чакаюць, што будзе, і тады загавораць? Ведаеш, лепш мець у антаганістах такога чалавека, як Баскаў. Ад такіх людзей менш за ўсё можна чакаць усялякіх штук, чым ад тых, якія нешта чакаюць.

А наогул, капацца ў гэтых хітраспляценнях і тонкасцях не хачу. Я гатовы адказваць толькі за сябе.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: