Аляксандр Вайтовіч: У моладзі няма перспектыў пры гэтым кіраўніцтве

Былы кіраўнік Акадэміі навук Беларусі Аляксандр Вайтовіч распавёў, чаму інтэлектуальная эліта будзе па магчымасці з’язджаць з Беларусі.



Фота Алены Ляшкевіч. Акцыя пратэсту навукоўцаў ля Інстытута генетыкі. 31 жнаўня 2020 года

Аляксандр Вайтовіч распавёў у размове з Радыё Рацыя:

— Лічу, што пасля тых жудасных гвалтоўных падзей, якія былі ўчыненыя пасля выбараў у дачыненні да беларусаў, гэтая ўлада адназначна ўвойдзе ў гісторыю як крывавая.

І наступствы, безумоўна, будуць. Ужо можна назіраць, што інтэлектуальная эліта пакідае краіну, і гэты працэс працягнецца. Найперш будзе з’язджаць таленавітая моладзь. Тыя, хто мае шанец знайсці працу за мяжой і пачаць новае жыццё.

Я чакаю масавы ад’езд тых, хто працуе ў IT-сферы, многія будуць пакідаць краіну цэлымі кампаніямі. Працэс паскорыўся б, але зараз стрымліваючым фактарам з’яўляецца закрыццё межаў з-за каронавірусу.

— А ці будуць з’язджаць маладыя вучоныя?

— Яны б таксама з’ехалі, але тут крыху іншая праблема. Справа ў тым, што ў нас асабліва няма каму і ехаць. Вучоная моладзь Беларусі сёння на такім нізкім узроўні, што яны не вытрымаюць канкурэнцыю.

Калі пасля развалу Саюзу беларускія вучоныя з’язджалі за мяжу, дык там жа было з каго выбіраць! У кожнага былі свае ідэі, людзі прыязджалі, можна сказаць, ужо з праектамі. А зараз гэтага няма. У Беларусі адбываецца дэградацыя навукі, хаця гэта назіраецца і ў іншых сферах.

Але многія, безумоўна, з’едуць. У моладзі няма перспектыў пры гэтым кіраўніцтве.

— І гэта не вельмі добра для развіцця краіны…

— Не толькі гэта дрэнна, улады яшчэ адчуюць наступствы таго, што адбылося пасля 9 жніўня. Узнікне мноства праблем.

Хто вырашыць інвеставаць грошы ў краіну, дзе законы не працуюць наогул? Ніхто! А хто пазычыць грошы?

Хіба што Расія. Але, як кажуць, бясплатны сыр бывае толькі ў пастцы.

І як развіваць эканоміку без заходніх тэхналогій? Таму пакуль для ўлады — толькі кветачкі. Ягадкі іх яшчэ чакаюць наперадзе.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: