Аляксандра Герасіменя: Калі перасякала мяжу з Літвой, да апошняга думала: вось зараз мяне затрымаюць

Знакамітая беларуская плыўчыха і кіраўніца Фонду спартыўнай салідарнасці Аляксандра Герасіменя ў інтэрв'ю TUT.BY узгадала аб тым, як пакідала радзіму, а таксама выказалася з нагоды сваёй крымінальнай справы.

— Як гэта — ператварыцца з ардэнаносца у злачынцу, якога шукаюць? Вельмі ганарова (усміхаецца), — распавяла Аляксандра Герасіменя. — Як у нас жартуюць, калі ты сёння злачынец ці сядзелец, значыць ты добры чалавек, як бы гэта недарэчна ні гучала. У мяне няма страху ці засмучэння з-за таго, што на мяне завялі крымінальную справу і абвясцілі ў вышук. Я адчуваю падтрымку свайго народа, і гэта надае мне ўпэўненасці ў тым, што ўсё недарма і мы ўсё робім правільна.

З самага пачатку, са жнівеньскіх падзей я дакладна ведала, што хачу быць карыснай. Таму рашэнне ўзначаліць Фонд спартыўнай салідарнасці не было цяжкім або валявым — яно для мяне натуральнае. Мне было недастаткова сядзець і нічога не рабіць. Разумела, што трэба змагацца, адстойваць сваё меркаванне і меркаванні іншых людзей.

Чаму я не абрала пазіцыю «не ўвязвацца»? Таму што мне было б сорамна глядзець дзіцяці ў вочы. Хтосьці можа сказаць, што можна застацца ўбаку і паберагчы нервы, але ў мяне ўсё працавала наадварот: мне палягчэла толькі пасля таго, як я выказала пазіцыю. Змаўчаўшы, я б дакарала сабе ўсё астатняе жыццё.

Я пагадзілася ўзначаліць Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці на працягу аднаго дня. Больш часу не спатрэбілася.

Хоць не буду зараз гаварыць, што мне не было страшна. Вядома, было. Перад ад'ездам з Беларусі я распавяла пра сваё рашэнне толькі бацьку і мужу, каб зберагчы нервы астатніх і не падымаць хвалю шуму. Тата і Жэня [Цуркін] мяне падтрымалі.

Калі на машыне перасякала мяжу з Літвой, да апошняга думала: «Вось зараз мяне спыняць і затрымаюць». Цяпер успамінаю гэта з усмешкай, але тады, у кастрычніку, усё было вельмі нервова: рукі патрэсваліся, у галаве круціліся думкі «а раптам яны ўсё зразумелі». Але ў выніку мяне з некалькімі валізкамі цёплых рэчаў без праблем выпусцілі.

І адразу такі ўздых палёгкі, ведаеце? У Беларусі я пастаянна была напагатове, перад прагулкай з дзіцем чысціла чаты у месэнджары і трымала тэлефон пры сабе, думаючы, каму тэлефанаваць, каб забралі дачку ў выпадку майго затрымання. Я выходзіла з хаты і не ведала, ці вярнуся. Гэта ненармальна.

Калі ўжо апынулася ў Літве, то нарэшце адчула: усё добра, я ў бяспецы. Але першы час звычка азірацца ўсё яшчэ заставалася.

І я не ўяўляю, у якім псіхалагічным стане сёння знаходзяцца беларусы, якія дагэтуль змагаюцца за сваё права і слова ўнутры краіны. Гэта каласальны стрэс.

Я не асуджаю тых, хто з'ехаў, таму што кожны чалавек сам прымае рашэнне. Асабіста я з'язджала нават не столькі для таго, каб адчуваць сябе ў бяспецы, колькі дзеля таго, каб нешта змяніць. Я ведала, што ў Беларусі мне гэтага зрабіць не дадуць.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: