Аляксандра Герасіменя ўдзельнічае ў аўкцыёне ў дапамогу пацярпелым ад рэпрэсій

Плыўчыха, уладальніца двух срэбных і бронзавага медалёў Алімпійскіх гульняў, чэмпіёнка свету і Еўропы, у святле апошніх падзей у краіне звярнулася да міжнароднай спартыўнай грамадскасці з просьбай падтрымаць беларусаў.
Свой зварот Аляксандра Герасіменя апублікавала ў фэйсбуку.

«Упершыню ў гісторыі суверэннай Беларусі наш народ масава пратэстуе супраць рэжыму дыктатуры. Мірныя пратэсты праходзяць па ўсёй краіне. Студэнты, жанчыны, бізнесмены і рабочыя, спартсмены і IT спецыялісты, моладзь і старыя — усе выходзяць на вуліцы. Сёння мы абараняем ужо не толькі сваю свабоду і будучыню, гаворка ідзе пра жыццё і бяспеку нашых дзяцей.

Людзі ва ўсім свеце ўбачылі, што рэжым у Беларусі гатовы ўтапіць народ у крыві, абы захаваць сваю ўладу.

Сотні людзей пацярпелі ад гвалту з боку праваахоўных органаў. За ўсе дні пратэсту былі затрыманыя больш за 12 000 чалавек. Людзей збівалі, катавалі, здзекаваліся з іх і гвалтавалі.

Спартсменаў і работнікаў спартыўнай галіны прымушаюць маўчаць. За выказванне грамадзянскай пазіцыі, асуджэнне гвалту і палітычных рэпрэсій людзей звальняюць, на іх аказваецца ціск з боку кіраўніцтва. Спартсменаў выключаюць са складу нацыянальнай каманды, пагражаюць забаронай на ўдзел у нацыянальных і міжнародных спаборніцтвах, Алімпійскіх гульнях.

Але, стоячы плячо да пляча, беларусы ўсвядомілі, наколькі разам яны моцныя. Больш за 650 беларускіх спартсменаў падпісалі адкрыты зварот да ўладаў з патрабаваннем спыніць гвалт у краіне.

Цяпер, як ніколі раней, для нас важная міжнародная салідарнасць. Таму, я заклікаю вас казаць пра тое, што адбываецца цяпер у Беларусі», — напісала спартсменка.

Таксама яна паведаміла, што падала лот для аўкцыёну ў дапамогу пацярпелым спартсменам — гэта яе касцюм з цырымоніі ўзнагароджання на Алімпіядзе ў Рыа-2016 і фотакартка з аўтографам.

«Бронза ў Рыа была для мяне адной з самых важных перамог у кар'еры, той сезон даўся мне вельмі цяжка. Ніхто не верыў, што я змагу ўзяць медаль. Але гэта дапамагло мне яшчэ мацней матываваць сябе! Заваяваўшы медаль, я ў першую чаргу даказала сабе, што я ўсё змагу, калі моцна захачу!

У гэтым касцюме я стала бронзавым прызёрам Алімпійскіх гульняў 2016 у Рыа. Я веру, што ўсе тыя пачуцці і эмоцыі, якія я перанесла ў той дзень, да гэтага часу захоўваюцца ў гэтым касцюме», — дадала Герасіменя.

Яна паабяцала, што ўсе сродкі ад продажу лота будуць пералічаныя ў Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці, які аказвае матэрыяльную і псіхалагічную падтрымку пацярпелым за сваю грамадзянскую пазіцыю спартсменам.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Грамадства: галоўнае

Больш цікавага на «Новым Часе»: