Аляксандра Патрасаева: Перада мной быў выбар — шкадаваць сябе ці выцерці слёзы і змагацца

Палітзняволеная Аляксандра Патрасаева выступіла ў судзе з апошнім словам, піша «Вясна».

«Недарэмна нехта сказаў, што тое, што нас не забівае, робіць нас мацней. Канешне, дрэнныя рэчы адбываюцца з усімі, і большасць добрых і дрэнных выпадкаў дапамагаюць стаць лепш. У нас з’яўляецца магчымасць пераасэнсаваць некаторыя рэчы, мы становімся больш шчодрымі, клапатлівымі і любячымі. У нас з’яўляецца больш спачування.

Зараз усім як ніколі вядома, што гора збліжае людзей. У сценах СІЗА людзям удалося зблізіцца па-асабліваму, хаця, здавалася б, куды бліжэй. Мне падавалася, што вакол мяне людзі, якія гатовыя прыйсці на дапамогу і падтрымаць тады, калі гэта асабліва патрэбна. Гэта і ўсе, хто, нягледзячы на ўсю цяжкасць сітуацыі, дапамаглі мне пераадолець выпрабаванні. Гэтыя людзі надавалі мне веры і надзеі, і менавіта яны вераць у мяне зараз.

"Гэта добры спосаб упэўніцца ў тым, хто з’яўляецца адданым і надзейным сябрам для цябе", — такімі былі словы ў адным з лістоў. І я буду хлусіць, калі скажу, што гэта не так. Мне ўдалося здабыць сапраўдных сяброў. Зусім чужыя людзі сталі апорай і падтрымкай, бліжэй за сям'ю. А хтосьці і зусім паказаў, што моцна цябе любіць.

Я хачу выказаць словы шчырай падзякі тым, хто мяне любіць і чакае. Вы — менавіта тыя людзі, якія далі мне зразумець, што адзінота — гэта не пра мяне. Вы — менавіта тыя людзі, якія падзялілі са мной усе цяжкасці і паказалі мне, што я моцны чалавек. Вы надавалі мне сіл, упэўненасці, а самае галоўнае — усялялі ў мяне надзею. Я дзялю з вамі кожную хвіліну, кожны дзень, праведзены ў сценах СІЗА.

Але таксама я хачу прызнацца вам сумленна ў тым, што перада мной быў выбар: шкадаваць сябе ці выцерці слёзы і змагацца за сябе і тых, хто быў са мной увесь гэты час. Я ведаю, што мяне любяць і чакаюць, а я люблю вас. Дзякуй!»

Прысуд палітзняволенай будзе агучаны заўтра, 7 красавіка, ў 14.00.

Нагадаем, дзяўчыну абвінавачваюць па ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса — «Удзел у масавых беспарадках». Пракурор запрасіў для Аляксандры Патрасаевай 3 гады «хатняй хіміі».

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: