Аляксандра Слуцкая: «Я падрыхтавала сукенку, у якой пайду сустракаць сваіх родных і сяброў»

«Следчых дзеянняў з мамай, Пецем, Алай і Сяргеем не вядзецца. Яны проста сядзяць. Халодная, чорная і страшная ноч пакуль працягваецца», — напісала Аляксандра Слуцкая, дачка Юліі Слуцкай, калі даведалася, што тэрмін утрымання затрыманым па справе «Прэс-клуба» працягнулі яшчэ на два месяцы.
З мамай і братам Пятром

З мамай і братам Пятром

Чатыры месяцы, на працягу якіх мае родныя і любыя знаходзяцца ў СІЗА на Валадарскага, ператварыліся ў адну доўгую, бясконцую, страшную ноч. Я ўжо даўно перастала быць ружовым поні. Я выдатна разумела, што 23 красавіка — проста дата. І не верыла, што нешта зменіцца менавіта сёння. Не верыла, але спадзявалася.

Я падрыхтавала сукенку, у якой пайду сустракаць сваіх родных і сяброў. Прыдумала, што прыгатую на вячэру. Я адчувала рукі мамы, якія будуць абдымаць мяне. Адчувала яе пах, паміж шыяй і ключыцай. Адчувала, як я ўткнуся туды носам, і буду дыхаць, дыхаць сваёй мамай.

Я адчувала, як Пеця пляскае мяне па плячы, а потым бярэ ў свае дужыя-дужыя абдымкі. І кажа, што я малайчына, што я выдатна справілася, што я найлепшая ў свеце сястра.

Я чула, як Сяргей Альшэўскі жартам сварыцца на мяне за ныццё ў лістах. А потым усміхаецца. Ён такі моцны і надзейны. Глядзела на яго — і дакладна ведала, што цяпер усё сапраўды добра. Ён вярнуўся са сваёй «камандзіроўкі», і прывёз мне магніцік на халадзільнік.

Ала. Яна стала яшчэ прыгажэйшая. Мы глядзелі адна на адну і ўсміхаліся. А потым нечакана засмяяліся ад шчасця, і моцна-моцна абняліся.


Тэрмін утрымання пад вартай падоўжылі яшчэ на 2 месяцы, да 23 чэрвеня. Вынікаў падатковай праверкі няма. Нібыта шкода, якую налічылі яшчэ ў самым пачатку, даўно пагашаная намі, сваякамі. Следчых дзеянняў з мамай, Пецем, Алай і Сяргеем не вядзецца. Яны проста сядзяць. Халодная, чорная і страшная ноч пакуль працягваецца.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: