«Саша сядзіць, каб можна было працягваць яго шантажаваць»

Заснавальніку KYKY Аляксандру Васілевічу працягнулі зняволенне пад вартай яшчэ на месяц. Пра гэта паведаміла яго жонка Надзея Зелянкова, піша kyky_org.
Аляксандр Васілевіч. Фота: Office Life / Сяргей Піліповіч

Аляксандр Васілевіч. Фота: Office Life / Сяргей Піліповіч



"Гэта вельмі зручна, калі чалавека, ні ў чым не вінаватага, які прадставіў усе звесткі, якія неабходныя следству для прызнання невінаватасці, працягваюць трымаць у турме, — кажа Надзея. — Можна хадзіць да яго і шантажаваць: прызнавай віну або праседзіш тут 18 месяцаў, потым яшчэ мінімум тры месяцы суда, а суд потым прызнае цябе вінаватым, таму што ты сам ведаеш, які ў нас суд. І гэта адзіная праўда сітуацыі: Саша сядзіць, каб можна было працягваць яго шантажаваць. І пры гэтым усе фантазіі абвінавачвання пра міфічныя шкоды не трэба даказваць, бо можна проста арыштоўваць грошы на рахунках.

Суддзі (ах так, у Сашы быў суд у панядзелак па абскарджанню меры стрымання) ніяк не ўплываюць на справу. Адвакацкія дзеянні — галавой аб сцяну. Бо гэта нескладана — падпісваць паперкі пра падаўжэнне. Саша сядзіць у камеры на 12 чалавек, дзе ў людзей запаляюцца ад холаду суставы. Куды пасылкі даходзяць цяпер за тыдзень-паўтары, трапленне кнігі — свята! І мы ўсе закладнікі сітуацыі, таму што ўсё, што мы робім, кажам, пішам, можа быць выкарыстана супраць яго.

Я веру, што Сашы хопіць сіл перажыць зняволенне. І я буду працягваць быць ружовым аднарогам, верыць у справядлівасць у свеце, якая абавязкова наступіць і ў асобна ўзятым лёсе чалавека, з якім я не раставалася апошнія 19 гадоў».

Супрацоўнікі ДФР затрымалі Аляксандра Васілевіча 27 жніўня. На наступны дзень яму абралі меру стрымання — заключэнне пад варту. Да таго моманту ў офісе і ў доме Васілевіча, а таксама дырэктара KYKY Сашы Раманавай правялі ператрусы. Праз яшчэ некалькі дзён рахунак кампаніі "Мінт-Медыя", якая выдае KYKY і The Village Беларусь, арыштавалі. 10 кастрычніка Васілевіч стаў адным з прысутных на нашумелай сустрэчы з Лукашэнкам у СІЗА КДБ. Беларускімі праваабаронцамі Аляксандр прызнаны палітвязнем.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: