Аляксей Калюжны: Ад прагнозаў устрымаюся — занадта шмат у задачы невядомых

Чаго чакаць ад зборнай Беларусі на чэмпіянаце свету ў Рызе? На гэтае і іншыя пытанні «НЧ» адказаў Аляксей Калюжны — без перабольшання легенда беларускага хакея і чалавек са сваім меркаваннем па многіх пытаннях, у тым ліку тых, дзе яго бачанне кардынальна адрозніваецца ад афіцыйнага.

Фота: pressball

Фота: pressball


— Апошнім часам ты амаль знік з публічнай хакейнай прасторы. Што так?

— Як можна знікнуць з таго, што з'яўляецца часткай майго жыцця — і немалой? Калі ў Мінск прыязджаюць клубы КХЛ, у іх складах вельмі часта ёсць тыя, хто з задавальненнем наведае мой дом. А я іх з не меншым задавальненнем прыму.

— Гэта зразумела, я пра прафесійную хакейную занятасць на гэты момант…

— Нават удзельнічаючы ў праектах «Парыматч» (вядомая букмекерская кампанія. — В. Ф.), я ўвесь час у справе і тэме. Адглядаю шмат матчаў. Праўда, нашай экстралігі гэта не тычыцца. Плюс адна кампанія, з якой супрацоўнічаў яшчэ ў часы гульнявой кар'еры, перыядычна просіць кансультацыю па тым ці іншым беларускім гульцы. У асноўным, маладым.

— Скаўтынг?

— Не зусім. Хакеіст — гэта ж не толькі тое, што ўсе бачаць на лёдзе. Гэта і мноства спадарожных момантаў, якія не заўсёды відавочныя. Па некалькіх з нашых хлопцаў ужо выклаў сваё меркаванне. Па кім менавіта — не мне агучваць, хай гэта зробяць ініцыятары аналізу.

— На твой погляд, у нашым хакеі пачалі ўзрошчвацца таленты?

— Неблагая моладзь сапраўды стала з'яўляцца. Але гэта ўсё яшчэ, як казаў пра сябе Саша Глеб, тыя, хто выраслі на асфальце. Гэта значыць, не за кошт працы сістэмы, якой у нас, па-мойму, дагэтуль няма. Бо то рухаем «маладзёжку» ў экстралігу, то разганяем. Тое ж і ў інстытуце юнацкіх зборных: то давайце ўсіх адпраўляць за акіян, то, наадварот, усімі праўдамі і няпраўдамі трымаць на радзіме. Дзе тут сістэма?

— Але зборная U-18 двойчы запар выйшла ў плэй-оф на ЧС. Выпадковасць?

— Хутчэй, акселерацыя. Вынік практыкі ў экстралізе «Б» у гульнях з дарослымі. Але што будзе з гэтымі юніёрамі далей? Праблема страты большай часткі талентаў пры пераходзе з юнацкага хакея ў моладзевы і потым у дарослы нікуды не дзелася.

Як і падыход да спартыўнага выхавання дзяцей. У нас яны па-ранейшаму ўжо ў 10 гадоў працуюць як профі — па 5-6 трэніровак на тыдзень. А Надзя Скардзіна распавядала, як гэта адбываецца ў Швейцарыі. Там да 14 гадоў дзеці — яшчэ фактычна аматары. Дзякуючы сістэмнасці, якую паспрабаваў прышчапіць школам Гена Савілаў у часы яго старшынства ў федэрацыі, мой сын скончыў з хакеем.

— Але тыя рэформы былі скампіляваныя з досведу паспяховых у хакеі краін.

— Хай так, але іх трэба пачынаць з набору дзяцей у групы, а не біць як абухом на паўдарозе. Хлопчыку, якому ўжо пару гадоў прышчаплялі паняцці тактыкі, разумнага хакея, раптам загадваюць яшчэ пару гадоў проста паганяць за шайбай у сваё задавальненне. Зразумела, што хутка гэта становіцца яму нецікава. Так што не варта цешыць сябе, што мы нарэшце здабылі нейкую сістэму падрыхтоўкі. Сістэма — гэта калі ты выбіраеш шлях і ідзеш па ім хоця б гадоў 8-10. У нас жа цяпер «выстрэльваюць» у асноўным тыя, хто своечасова і ў патрэбнае месца з'ехаў: Шаранговіч, Калячонак…

— Добры сезон правяло мінскае «Дынама». Яму ёсць за што сказаць «дзякуй» у праекцыі на зборную?

— Гэта «Дынама» павінна сказаць «дзякуй» каронавірусу, без якога ў клуба не было б шанцаў сабраць такі склад. Ды і дасягненні сезона так сабе: за 13 гадоў існавання КХЛ планку першага раўнда плэй-оф так і не ўзялі. На роўных змагаліся са СКА? Ды што вы?! Уключаючы фініш «рэгуляркі», каманды правялі шэсць матчаў — і ў пяці перамог Піцер. А на роўных гэта «Ак Барс» з «Авангардам» гулялі.

— Дайшлі да галоўнай тэмы — зборнай. Што скажаш пра яе?

— Пакуль аналізаваць рана: многае залежыць ад таго, ці даедуць ўсе выкліканыя. Даедуць — у наяўнасці будуць усе, хто ў нас цяпер на каньку.

— Меркаванне пра пул брамнікаў?

— Адвечна тонкае пытанне. Адзінае, што магу сказаць дакладна — не разумею такой веры ў Тэйлара. Вось калі б у маладых атрымалася стрэліць, гэта было б выдатным плёнам і для іх далейшай кар'еры, і для будучага зборнай.

— Думаеш, Захараву хопіць смеласці паставіць на кагосьці з іх?

— Юрзінаву ў маскоўскім «Дынама» калісьці хапіла. Хай і часткова з-за масавага ад'езду шэрагу вопытных за акіян, але ён даверыў тады яшчэ зусім маладым Кавалёву, Яшыну, Каспарайтысу. І не толькі ад безвыходнасці: гэта была правільная ацэнка патэнцыялу. Ці атрымаецца ў таго ж Шостака — не ведаю. Але ведаю, што, калі атрымаецца, толку для нашага хакея гэта прынясе нашмат больш, чым паспяховая гульня Тэйлара. Відавочных падстаў для якой, зноў жа, не бачу.

— У абароне ўсё прасцей?

— Хутчэй спакайней і больш вызначана. Хенкель і Лісавец гуляюць на вельмі сур'ёзным узроўні і цалкам спраўляюцца. Бэйлен — зразумела: ён можа і парухаць, і прыдумаць нешта нестандартнае. Гэта, дарэчы, нядрэнны падмурак для атакі, да якой пакуль таксама ёсць пытанні. Хто будзе забіваць, хто ў гэтым сезоне праявіў сябе як яркі лідар? Кадола?..

— Шаранговіч.

— З ім зразумела, але спачатку трэба, каб ён даехаў да Рыгі.

— У братоў Касціцыных ужо не верыш?

— Веру, вядома, усё па-ранейшаму з імі. Але трэба разумець, што ў Андрэя сезон атрымаўся скамечаным, а у Сяргея такі ўжо не адзін. Дзякуй богу, што ён у прынцыпе вярнуўся ў гульню пасля цяжкіх аперацый.

— Тэйлар, Прынс, Бэйлен, Плат, Парэ... Разумееш, да чаго хілю, выбудоўваючы сінанімічны шэраг з замежных прозвішчаў?

— Яго ўжо дабудавалі на нейкім расійскім інтэрнэт-рэсурсе. Рэзюмэ: калі да беларусаў прыедуць усе натуралізаваныя гульцы, гэта стане сусветным рэкордам. Ужо не ведаю, наколькі гэта праўда. Як я да гэтага стаўлюся, ты ведаеш: гэта ўжо за мяжою дабра і зла.

І ніякія аналогіі з іншымі краінамі і відамі тут не апраўданне. Там натуралізаваныя сапраўды перабіраюцца на новую радзіму. Як тыя ж нашы расіяне, якія тут жэняцца, абзаводзяцца дзецьмі, жыллём. А тут матывацыя зразумелая: атрымаць беларускі пашпарт, каб падпісацца ва ўмоўным «Аўтамабілісце» як нелегіянеру. Ды яшчэ з такой статыстыкай, як у таго ж Парэ: мяне ў свой час назвалі ўжо старым і нямоглым пасля дзясятка шайбаў у сезоне. А тут — паўтары за год.

Фота: championat.ru

Фота: championat.ru

— Як паставіўся да студзеньскіх навін аб пераносе ЧС з Мінска?

— Без здзіўлення. Варыянт, што ў нас могуць адабраць права правядзення часткі чэмпіянату, для мяне стаў відавочным яшчэ ў пачатку верасня. Разам з недаездам фінскага «Ёкерыта» на матч супраць «Дынама».

— Давай складзём ранжыру нашых зборных, у якім найвышэйшы бал «10» аддамо «залатой гвардыі» часоў стыку стагоддзяў. А ніжэйшы, хай прабачаць мне зборнікі-2018, — камандзе, якая правалілася на чэмпіянаце ў Капенгагене. На які бал пацягне цяперашні склад?

— Калі збяруцца ўсе наймацнейшыя, а ў камандзе будзе адпаведная атмасфера — дзесьці на «7». Інакш — прыкладна «5».

— «Інакш» — гэта недаезд або атмасфера?

— Больш другое. Зборная той самай «залатой гвардыі», у якой я меў гонар дэбютаваць яшчэ зусім маладым, таксама ж не граміла ўсіх і ўся. Бывалі і «ўлёты» па ліку, і вылеты з эліты з-за праславутага японскага блату. Але атмасфера была выдатнай. Пазней не ўзгадаю такой, напэўна, ніколі. Нават на апошнім пакуль паспяховым для нас сусветным чэмпіянаце ў Чэхіі ў 2015-м. Зараджанасць адной ідэяй і мэтай была непаўторнай.

— А цяпер што?

— Цяпер, на жаль, гульцоў усё часцей ставяць перад выбарам: гуляць на каманду або на сябе. У клубах на пачатку сезона ўбіваюць у галовы: «Каманда — перш за ўсё». А калі прыходзіць час падпісання новага кантракта, тыя ж людзі табе: «А дзе статыстыка, чаму так непераканаўча?» Тое ж і ў зборнай: мала таго, што ў клубах празрыста намякаюць, маўляў, вельмі б не хацелася, каб ты на ЧС паламаўся, дык яшчэ і ў многіх можа з'явіцца ідэя: «А ці не папрацаваць мне шчыльней на асабістую статыстыку перад абмеркаваннем новага кантракта ў клубе…»

— Дарэчы, пра каманднае і асабістае. Шаранговіч добра дэбютаваў у НХЛ, але кантракт з «Нью-Джэрсі» заканчваецца. Трэба падпісваць новы, а ў Рызе існуе рызыка атрымання траўмы... Што скажаш?

— Што буду рады ўбачыць Ягора ў форме зборнай, але прыму любое яго рашэнне ў гэтай сітуацыі. А тым, хто захоча зноў зацягнуць песню пра «продаж радзімы», адкажу: лёгка крытыкаваць з канапы. Колькі разоў назіраў, як людзі, якія заяўлялі «я ніколі б так не паступіў», рабілі менавіта так, аказаўшыся ў аналагічнай сітуацыі. Думаю, залішне гаварыць, што азначае хакей для канадцаў. Але нават на хатні для іх чэмпіянат свету-2008 у зборную прыехалі далёка не ўсе, хто мог і каго хацелі бачыць трэнеры.

— Вырашышся на прагноз перспектыў зборнай у Рызе?

— Пакуль устрымаюся: занадта шмат у задачы невядомых. Гэта наогул цяпер у трэндзе. Скажы хто пару гадоў таму, што цяпер будзе дзеяцца ў нашай краіне і ў свеце наогул, можна было б падумаць, што ён наглядзеўся фільмаў. Але час прайшоў — і мы ўсе цяпер у гэтым фільме жывём.

Наша размова з Аляксеем адбылася дзесьці за тыдзень да пачатку чэмпіянату, калі яшчэ заставаліся пытанні да складу беларускай каманды.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: