Аляксей Кароль – прыклад журналіста, да якога хочацца цягнуцца

Тры гады запар у Дзень народзінаў першага рэдактара «Новага Часу» мы праводзілі Конкурс маладых журналістаў імя Аляксея Караля. Сёлета, на жаль, традыцыя перарвалася. Але для многіх гэтая падзея стала важным этапам у жыцці, магчымасцю быць пачутымі, адкрыла шлях у журналістыку. Пра тое, што даў ім Конкурс, распавядаюць колішнія лаўрэаты.
Вікторыя Чаплева
, лаўрэатка 2017 і 2019 гадоў, журналістка:

— Мне заўсёды падабалася тое, што ў рэдакцыі «Новага Часу» не было нездаровай канкурэнцыі, якая так часта бывае ў творчых калектывах. Тут ніхто не зайздросціў, не радаваўся няўдачам, а, наадварот, суперажываў пры любой бядзе. Мне падаецца, што некалі паспрыяў гэтаму сам Аляксей Сцяпанавіч, бо ў кожным журналісце ён бачыў разынку. Што ж нам дзяліць, калі кожны адметны па-свойму? Магчыма таму ў «Новым Часе» заўсёды камерная, сямейная атмасфера. Адпаведна, падчас удзелу ў конкурсе не адчувалася прагі перамагчы любым коштам. Для мяне ўдзел у ім з’яўляўся, хутчэй, стымулам: узяцца за сур’ёзную тэму, намагацца дасканала яе раскрыць, выйсці з зоны камфорту і ўласных страхаў, і, зрэшты, знайсці час (а гэта не дзень і не два), каб зрабіць сапраўды грунтоўны матэрыял. Удзел у конкурсе для мяне — гэта крок на прыступку вышэй, гэта маё асабістае ўдасканаленне.

Любая арганізацыя мерапрыемства — гэта яшчэ і яднанне каманды. Калі я дапамагала ў арганізацыі і правядзенні конкурсу, то лепш стала разумець тых людзей, з якімі працую. А яшчэ — гэта цёплыя ўспаміны і моманты.

Вікторыя Чаплева

Вікторыя Чаплева

Вельмі хочацца, каб некалі была і прэмія імя Караля, пра якую мы размаўлялі між сабой. Калі ён быў галоўным рэдактарам, то быў для мяне, найперш, як правадыр у свет журналістыкі. Зараз, калі чытаю яго калонкі ў нумарах «Новага Часу» за розныя гады, разумею, што ён для мяне — прыклад прафесійнага журналіста, па артыкулах якога хочацца вучыцца.  

Вельмі ўдзячна працы рэдакцыі «Новага Часу». Менавіта іх высілкамі і праводзіўся конкурс на працягу трох гадоў. І асобны дзякуй – галоўнай рэдактарцы Аксане Колб. Без яе ўдзелу ў маім жыцці не ведаю, ці засталася б я ў журналістыцы.  

Алесь Кіркевіч, лаўрэат 2017 года, журналіст:

— Не магу сказаць, што Аляксея Сцяпанавіча добра ведаў. Некалькі разоў усяго перасякаліся на офісе «Новага Часу» годзе ў 2012-13-м. Добра памятаю, як спадар Аляксей выпісваў мне пасведчанне газеты. З таго часу і нашу з сабою, хай пячатка даўно «паплыла», вокладка замулялася, а фота, мякка кажучы, не адпавядае сучаснаму стану рэчаў. Цяпер для НЧ пішу зрэдку, а вось пасведчанне, атрыманае з рук Аляксея Сцяпанавіча, берагу, як талісман.

Алесь Кіркевіч. Фота Беларускай асацыяцыі журналістаў

Алесь Кіркевіч. Фота Беларускай асацыяцыі журналістаў

Лаўрэатам конкурса імя Аляксея Караля я стаў у траўні 2017-га за артыкул, прысвечаны палітвязню і патрыёту Алесю Юркойцю. Было прыемна, ясная справа. Тым больш, што на імпрэзе атрымалася пазнаёміцца з дачкой Аляксея Сцяпанавіча — Ірынай Віданавай. Годная кампанія была, адпаведная атмасфера. Спадзяюся, што гісторыя з конкурсам не спыніцца, а праз гады ўзнагароды за ўдзел у ім будуць атрымліваць маладыя журналісты, для якіх Аляксей Кароль ператворыцца ў далёкую-далёкую легенду.

Уладзіслаў Рубанаў, лаўрэат 2017 года, дызайнер на kyky.org, галоўны рэдактар zanuda.me, журналіст, фатограф:

— Я браў удзел у першым конкурсе маладых журналістаў імя Караля. Тады я быў зусім зялёны і неспрактыкаваны, дрыготкімі рукамі сяк-так набіраў тэксты. Для маладога журналіста-пачаткоўца няўпэўненасць у сабе — адно з асноўных пачуццяў. Ты не ведаеш, што робіш добра, а што — дрэнна. Не ведаеш, дзе паставіць коску, двукроп'е ці працяжнік, каб зачапіць чытача. Не ведаеш, ці добра ты раскрыў тэму. Ты проста хочаш пісаць. Пісаць, каб цябе прачыталі. Каб цябе пачулі. І гэты конкурс даў мне магчымасць быць пачутым і зразумець, што, магчыма, у журналістыцы я чагосьці ды варты. Ён заматываваў мяне ісці далей. А грамата, якая стаіць на паліцы, да гэтага часу служыць мне напамінам пра той дзень. Дзень, калі я быў пачуты.

Уладзіслаў Рубанаў. Фота Беларускай асацыяцыі журналістаў

Уладзіслаў Рубанаў. Фота Беларускай асацыяцыі журналістаў

Алена Ляшкевіч, лаўрэатка 2017 года, журналістка, даследчыца традыцыйнай культуры:

— Тады я ўжо пісала для «Новага Часу» па некалькі тэкстаў на месяц і высылала іх на пошту Аляксею Сцяпанавічу, але пазнаёміцца з ім асабіста не паспела. Ён памёр у 2015-м, а пошта працавала далей…
Перамог у намінацыі «Культура» мой артыкул «Засцянковая Атлантыда Фларыяна Чарнышэвіча». Для мяне важна, што гэта тэкст пра мой родны Клічаўскі раён. Чарнышэвіч таксама адтуль, у рамане «Надбярэзінцы» ён апісаў побыт шляхецкіх засценкаў у пачатку ХХ стагоддзя. Свет, які знік, як не было, праз войны, рэпрэсіі ды іншыя катаклізмы пакутнага веку. Таму і Атлантыда.

Алена Ляшкевіч. Фота Радыё Свабода

Алена Ляшкевіч. Фота Радыё Свабода

Я дужа ўдзячная «Новаму Часу» за магчымасць адчуць сябе часткай дружнай журналісцкай каманды, працягнуць публікацыі пра жыццё і творчасць пісьменніка, якога беларусы і палякі толькі адкрываюць для сябе, хаця раманы Фларыяна Чарнышэвіча апублікаваны ў сярэдзіне мінулага стагоддзя (у Аргентыне, Брытаніі, ЗША), у 1990-х і 2010-х перавыдаваліся ў Польшчы, у 2017-м выйшаў пераклад «Надбярэзінцаў» на беларускую мову.

Па адукацыі Аляксей Кароль быў гісторыкам, абараніў дысертацыю, выдаў тры кнігі і безліч артыкулаў на гістарычную тэматыку. Такія матэрыялы да сённяшняга дня вельмі прыхільна прымае рэдакцыя НЧ, мой «Надбярэзінскі серыял» знайшоў сваё выданне, чаму я бязмерна радая!

Мікалай Дзядок, лаўрэат 2017 і 2018 гадоў, актывіст, блогер, журналіст:

— Аляксея Караля я, на жаль, не заспеў і прыйшоў працаваць у «Новы Час», калі яго ўжо не стала. Аднак конкурс маладых журналістаў імя Караля для мяне быў сапраўды важным, асабліва калі мяне намінавалі на яго ў самы першы раз.

Не магу сказаць, што журналісцкая праца вельмі цэніцца ў Беларусі. А калі ты малады і малавядомы журналіст, то зрабіць так, каб цябе заўважылі, вельмі цяжка. І тое, што «Новы Час» зрабіў такі конкурс і даў магчымасць маладым журналістам адчуць сябе запатрабаванымі, — вялікая рэч.

Мікалай Дзядок

Мікалай Дзядок

З аднаго боку, гэта нейкія дробныя «статусныя» рэчы: дыплом, узнагароды, падзякі, якія прыемныя кожнаму і дапамагаюць адчуць, што цябе вылучылі і тваю працу прызналі. З іншага боку, і сам удзел у конкурсе, і цырымонія ўзнагароджання стала для мяне эпізодам сацыялізацыі ў журналісцкую супольнасць. Бачыць вакол сябе калегаў, знаёміцца з новымі людзьмі, у тым ліку вядомымі ў журналістыцы асобамі, — вельмі важна, асабліва для тых, хто ледзь-ледзь уваходзіць у прафесію. Такі конкурс абавязкова мусіць быць!

Дзіяна Пінчук, лаўрэатка 2017, 2018 і 2019 гадоў, юрыстка, журналістка:

— У конкурсе маладых журналістаў імя Аляксея Караля я ўдзельнічала тры гады запар. У 2017 я выпадкова ў інтэрнэце натрапіла на абвестку аб конкурсе. Па сутнасці, так я і прыйшла ў беларускую журналістыку. Раней я наогул не займалася гэтым, толькі скончыла юрфак і планавала звязаць сваё жыццё з юрыдычнай дзейнасцю. Але менавіта пасля конкурсу я зразумела, наколькі мне блізкая журналістыка.

Вельмі паўплывала яшчэ тое, як мяне прыняла каманда «Новага Часу». Памятаю, на першай цырымоніі ўзнагароджання ў мяне з’явіліся думкі, што не, гэта не проста працоўны калектыў, а сапраўдная сям’я. Таму я вельмі ўзрадвалася, калі мне прапанавалі супрацоўнічаць з «Новым Часам». І сапраўды, з такім стаўленнем да сваіх калегаў і каляжанак, як у рэдакцыі «Новага Часу», я больш нідзе не сутыкалася.

Дзіяна Пінчук

Дзіяна Пінчук

Вось так і атрымалася, што чалавек, якога я асабіста не ведала, стаў маім правадніком у свет журналістыкі. Акрамя гэтага, Аляксей Кароль стаў для мяне тым беларускім журналістам, на якога мне хочацца арыентавацца і цягнуцца да яго.

У першы год конкурса я ўдзельнічала з культурна-гістарычным матэрыялам «Вогненная вёска Алеся Адамовіча», але, калі пачула, што любімым жанрам Аляксея Караля ў журналістыцы быў грамадска-палітычны жанр, то я больш стала працаваць у гэтым кірунку. Я запомніла, як на адной з цырымоній узнагароджання дачка Аляксея распавядала, што некаторыя грамадскія матэрыялы ён пісаў месяцамі. Песціў іх і выношваў, як дзіця. Мяне гэта вельмі ўразіла і зачапіла.

Я вельмі радая, што ў мяне была магчымасць паўдзельнічаць у конкурсе імя Аляксея Караля. Цяпер у мяне гэтае імя асацыюецца са свабодай творчага выказвання меркаванняў, салідарнасцю і павай да годнасці чалавека. Падаецца, што арганізатары конкурса ставілі менавіта такія мэты. Я больш не ўдзельнічаю ў аніякіх журналісцкіх конкурсах. А навошта, калі ў мяне ўжо ёсць дыпломы лаўрэаткі конкурса імя Аляксея Караля?

Марцін Мельнікаў (Імполь Нагбомавіч), лаўрэат 2019 года, аўтар «Новага Часу»:

— У пачатку траўня 2019 года я пабачыў абвестку на сайце «Новага Часу» пра конкурс маладых журналістаў імя Аляксея Караля. Раней мне даводзілася нешта пісаць толькі ў школе альбо ва ўніверсітэце, але жаданне падзяліцца нейкімі думкамі, звярнуць увагу на нейкія рэчы больш шырокай аўдыторыі заўсёды было.

Так маё жаданне вырашыла адказаць узаемнасцю магчымасці і я вырашыў удзельнічаць у конкурсе маладых журналістаў імя Аляксея Караля.

Марцін Мельнікаў

Марцін Мельнікаў

Конкурс адкрыў мне магчымасць час ад часу дзяліцца думкамі з пэўнай аўдыторыяй, чаму я вельмі рады і ўдзячны. «Новы Час» вылучаецца сярод іншых беларускіх СМІ тым, што аддае перавагу аўтарскім артыкулам, пры гэтым аўтары пішуць не пра самыя папулярныя рэчы, а самі робяць нешта больш заўважным, выказваюць сваё меркаванне адносна чагосьці. Пэўна, у гэтым ёсць пераемнасць палітыкі Аляксея Караля, пра якога я магу разважаць са слоў некаторых людзей. «Новы Час» — школа новых аўтараў!

Дзіяна Серадзюк, лаўрэатка 2018 і 2019 гадоў, журналістка:

— Да пачатку супрацоўніцтва з «Новым Часам» у мяне ўжо быў шасцігадовы досвед у журналістыцы, таму маладым журналістам я сябе не лічыла. І калі рэдакцыя прапанавала адзін з першых маіх матэрыялаў, напісаных для НЧ, вылучыць на Конкурс імя Аляксея Караля, я не была ўпэўнена, што гэта добрая ідэя. Але ўзрост дазваляў, дый у газеце я, сапраўды, была маладым, новым аўтарам. І вось, па выніках галасавання чытачоў мой артыкул перамог. А ці не гэта самае важнае для журналіста — мець водгук ад аўдыторыі?

Так пачалося маё плённае сяброўства з НЧ, які неўзабаве пераўтварылася для мяне ў асноўнае месца працы. Але называць гэта працай нават неяк няёмка, бо звычайна месца, дзе адчуваеш сябе камфортна, дзе цябе цэняць і падтрымліваюць, вучаць, давяраюць, і дзе ты атрымліваеш асалоду ад таго, што робіш, называюць сям’ёй.

Дзіяна Серадзюк

Дзіяна Серадзюк

Свабода, цеплыня, весялосць, давер, адказнасць, падтрымка, прастора для росту і рэалізацыі — тое, што я знайшла ў камандзе НЧ і што дае мне натхненне і сілы развівацца далей. Без «Новага Часу» я б не адчувала сябе ў прафесіі так упэўнена (зрэшты, і цяпер яшчэ не да канца адчуваю, але веру на слова калегам), на свет не з'явіліся б многія важныя тэксты (хаця, спадзяюся, лепшыя – ячшэ наперадзе), не было б прэміі Асамблеі НДА «Чэмпіёны грамадзянскай супольнасці» ў намінацыі «Журналістка года» за 2019 год…

Таму я з удзячнасцю ўзгадваю Конкурс маладых журналістаў імя Аляксея Караля, які некалькі год таму даў пачатак гэтаму шчасліваму шляху. На жаль, сёлета конкурс не праводзіцца, але, спадзяюся, у будучыні ён яшчэ адкрые новыя імёны незалежнай беларускай журналістыкі.




Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: