Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Алёна Мезенцава — «Чалавек году» ў Кобрыне

Намесніца старшыні грамадскага аб’яднання «Кобрынскі клуб дзелавых жанчын "Бона"» Алёна Мезенцава прызнаная «Чалавекам году» ў Кобрыне ў намінацыі «Грамадства і ініцыятыва». Пра гэта стала вядома 14 ліпеня на Свяце горада Кобрына ў гонар яго 730-годдзя.

Алёна Мезенцава на круглым стале па выніках праекту «Выспа дзяцінства»

Клуб «Бона», якім кіруе былая дырэктарка Кобрынскай дзіцячай вёскі Ала Сапяжынская, больш за 10 гадоў вядзе працу па прасоўванні ідэі гендэрнай роўнасці і пераадоленні хатняга гвалту, дзеля чаго арганізуюцца сустрэчы з цікавымі людзьмі, абмяркоўваюцца пытанні актыўнага ўдзелу жанчын у грамадскім жыцці, рэалізуюцца актуальныя сацыяльна-культурніцкія праекты, жыццёва неабходныя грамадству і дзяржаве.

Так, у супрацы з Міжнароднай арганізацыяй па міграцыі Алёна Мезенцава здзейсніла шэраг праектаў па прафілактыцы гандлю людзьмі, упершыню ў Беларусі распрацавала настольную гульню для моладзі «Не — сучаснаму рабству!».

На тэрыторыі  Кобрынскага раёну спадарыня Алёна рэалізуе ініцыятывы па далучэнні да актыўнага грамадскага жыцця паджылых людзей праз працу Кобрынскага ўніверсітэту «Залатога ўзросту». Ягоная гістарычна-краязнаўчая секцыя «Кобрынскі ключ» сабрала пад яе кіраўніцтвам і апублікавала матэрыялы пра раней невядомую Кобрыншчыну 1930-1960-х гадоў у кнізе «Карані і кроны», выдадзенай «Брэсцкай друкарняй» у бягучым годзе.

Cпадарыню Алёну ўзнагароджвае старшыня Кобрынскага райвыканкаму Алесь Зазуля. Аўтар фота Ганна Казакова.

Два тыдні таму ў рамках праекту «TANDEM-III. Супрацоўніцтва для развіцця мясцовых супольнасьцяў і ўдзелу грамадзянаў у мясцовым самакіраванні» пры падтрымцы Еўрапейскай асацыяцыі мясцовай дэмакратыі  (ALDA) и айчыннага культурніцка-асветнага грамадскага аб’яднання «Фонд імя Льва Сапегі» была здзейснена ідэя «Выспы дзяцінства». З ініцыятывы спадарыні Алёны высілкамі грамадзян пры падтрымцы мясцовых уладаў была створана сучасная спартова-гульнявая пляцоўка «Выспа дзяцінства», аб чым даўно марылі жыхары пасёлку Птушкафабрыкі і вёскі Андронава ў наваколлі Кобрыну.  

Зараз Алёна Мезенцава працуе над праектам «Форуму-тэатру “Мы — роўныя!”», падтрыманым амбасадай ЗША у Рэспубліцы Беларусь. Праект накіраваны на развіццё гендэрнай чуллівасці ў вясковых юнакоў і дзяўчат, а таксама на выхаванне ў іх імкнення да рэалізацыі роўных мажлівасцяў.

Удзельнікі Свята горада Кобрына

З верасня бягучага году ў рамках праекту міжнароднай тэхнічнай дапамогі «Падтрымка ініцыятывы «Пагадненне мэраў» у Беларусі» стартуе справа «Кобрын ратуе клімат планеты». Той, хто далучыцца да гэтага праекту, разам з Алёнай Мезенцавай паспрыяе не толькі змяншэнню спажывання электраэнэргіі, але і паляпшэнню экалалагічнага стану Бацькаўшчыны.  

Газета «Новы час» віншуе Алёну Мезенцаву з узнагародай і выказвае надзею, што яе працавітасць, арганізатарскія здольнасці і актыўная грамадская пазіцыя паспрыяюць далучэнню жанчын да будаўніцтва сучаснай грамадзянскай супольнасці ў Беларусі. 

У каментары НЧ спадарыня Алена зазначыла:

«Безумоуна, было прыемна даведацца пра ўзнагароду і атрымаць яе. Дзякуй, што высока адзначылі працу нашага жаночага аб’яднання і мой асабісты унёсак ва ўвасабленне шэрагу праектаў. Канешне, добра, калі ёсць генератары ідэй і лідары-арганізатары, аднак вельмі важныя высілкі ўсёй каманды аднадумцаў і падтрымка адміністрацыі раёну. Бо найбольш якасны вынік атрымліваецца менавіта пры актыўнай супрацы грамадзянаў з уладамі. Вось чаму мы і надалей павінны працаваць разам дзеля нашых грамадзянаў, ад настрою і дабрабыту каго залежыць будучыня Бацькаўшчыны».

Каментаваць