Амаль 21 700 рублёў за гадзіну «блакіроўкі дарог» 10 жніўня: «Мінсктранс» спагнаў шкоду з 17 пратэстоўцаў

У судзе Савецкага раёна Мінска вынеслі рашэнне па грамадзянскай справе па пазове «Мінсктранса» адразу да 17 палітвязняў і асуджаных па палітычных матывах.
Суд спаганяў шкоду ў памеры 21 667 рублёў 87 капеек за «перакрыццё дарог» у Мінску 10 жніўня мінулага года з Івана Красоўскага, Дзмітрыя Дубкова, Сяргея Брыля, Рыгора Давыдава, Арцёма Хвашчэўскага, Аляксея Мельнікава, Ганны Сунгуравай, Аляксандры Патрасаевай, Анастасіі і Вікторыі Міронцавых, Аляксандра Савосціна, Ігара Рудчыка, Арцёма Саўчука, Яраслава Збароўскага, Іллі Гагіева, Віктара Сядова і Дзмітрыя Кубарава.

Інтарэсы «Мінсктранса» на судзе прадстаўлялі Раман Прановіч, Святлана Бадзькова і Наталля Рыбак. Справу разглядала суддзя Марыя Ляшкевіч з удзелам пракуроркі Ганны Шляхтавай. «Вясна» распавядае, як з 17 чалавек, якія былі ў розных месцах сталіцы 10 жніўня, спаганялі шкоду за «перакрыццё дарог» у Мінску за адну гадзіну.

Пазоў за адну гадзіну спынення транспарту

Вядома, што справы некаторых з асуджаных пачалі разглядаць яшчэ ў траўні ў розных судах Мінска, але суддзі накіроўвалі іх справы ў суд Савецкага раёна, каб аб’яднаць у адну за падзеі 10 жніўня. Увесь грамадзянскі суд па гэтым пазове заняў толькі тры працэсы. З адказчыкаў па справе асабіста ўдзельнічаў толькі адзін чалавек — Савосцін, якога прысудзілі да «хатняй хіміі». Усе астатнія, акрамя Красоўскага, які пасля прысуду з'ехаў за мяжу, цяпер адбываюць пакаранні ў калоніях і на «хіміях». У працэсе прадстаўлялі інтарэсы палітвязняў толькі два адвакаты — Арцёма Саўчука і Анастасіі Міронцавай.

Згодна з пазовам прадпрыемства, «сумесныя і ўзгодненыя дзеянні асуджаных, а таксама астатніх нявысветленых асоб, пацягнулі за сабой парушэнне працы грамадскага транспарту 10 і 11 жніўня, у выніку чаго "Мінсктранс" пацярпеў на суму 21 667 рублёў 87 капеек». Як сцвярджаюць прадстаўнікі арганізацыі, усе асуджаныя адначасова спынілі транспарт ў Мінску на 1 гадзіну і 8 хвілін з 21:30 да 22:38 10 жніўня. Раней гэтыя 17 чалавек, былі асуджаныя за падзеі 10 і 11 жніўня, якія праходзілі ў розных раёнах Мінска, таму фактычна пазоў да іх выставілі за перакрыццё дарог па усёй сталіцы.

Прадстаўнік «Мінсктранса»: немагчыма дакладна вызначыць шкоду з кожнага асобна

Як стала вядома на судовым працэсе, сума пазову складаецца з разліку даных на спецыяльных тэхнічных прыладах, зыходзячы з даных за гэтыя ж даты і час толькі за мінулы год. Адвакаты на судзе абурыліся, што, паводле гэтых разлікаў, з 21:30 да 22:38 10 жніўня толькі на адным маршруце павінны былі праехаць 122 чалавекі, адсутнасць якіх залічылі як страту для «Мінсктранса». Варта адзначыць, што адказны за разлік сумы супрацоўнік «Мінсктранса» на судзе заявіў, што немагчыма дакладна вызначыць шкоду з гэтай сумы ад кожнага асуджанага асобна, бо масавыя беспарадкі праходзілі адначасова ў некалькіх месцах Мінска. Паводле яго слоў, немагчыма дакладна даведацца, па якой прычыне спыніўся канкрэтны маршрут, бо «перакрывалі» дарогі і з аднаго, і з другога боку ад яго.

Адвакаты лічаць пазоў неабгрунтаваным, а віну адказнікаў — недаказанай. Прадстаўніца «Мінсктранса» нават не ведала на судзе, калі і дзе была затрыманая Анастасія Міронцава, але дакладна ведае, што транспарт у Мінску спыніўся ў 20:10. Адвакат Анастасіі звярнуў увагу суду, што дзяўчыну затрымалі ў 19:30 — за 40 хвілін да спынення руху. Як кажуць прадстаўнікі прадпрыемства, пазоў выстаўлены толькі за 10 жніўня, але страты фактычна былі і за 11 жніўня, бо кіроўцы транспарту працуюць да ночы.

У выніку 4 кастрычніка суддзя Ляшкевіч задаволіла пазоў прадпрыемства ў памеры 21 667 рублёў 87 капеек і пастанавіла салідарна спагнаць  прыкладна па 1 274 рублёў 40 капеек з кожнага асуджанага. Таксама яны павінны будуць выплаціць дзяржпошліну за зварот «Мінсктранса» ў суд у памеры 1 083 рублёў 39 капеек.

Гісторыя для 17 чалавек па гэтай справе не скончылася?

Але калі да пратэстоўцаў пазоў «Мінсктранса» складаецца яшчэ за іншыя дні або на большую суму, чым тую, якую патрабавалі праз пазоў у Савецкім судзе, то будуць праходзіць дадатковыя грамадзянскія суды, каб спагнаць усю «страчаную» суму ад здзейсненага «злачынства» кожнага адказніка.

З іншымі палітвязнямі таксама судзяцца за «перакрыццё дарог»

Акрамя гэтага, ў судзе Заводскага раёна на гэтым тыдні разглядалі новы грамадзянскі пазоў ад «Мінсктранса» асабіста да палітвязня Аляксея Мельнікава. Першапачаткова сума пазова была 3 081 рублёў 60 капеек, але сваякі Мельнікава кампенсавалі 345 рублёў 8 капеек за пашкоджаны смеццевы кантэйнер, таму сума скарацілася да 2 736 рублёў 52 капейкі. Суддзя Марыя Саўчук зрабіла ў справе перапынак да 19 кастрычніка.

15 верасня суддзя Інэса Курко пастанавіла спагнаць з 25-гадовага палітвязня Дзмітрыя Кубарава на карысць «Мінсктранса» 45 181 рублёў 42 капейкі. Гэта было першае рашэнне суда пра спагнанне кампенсацыі за «блакіроўку дарог» падчас акцый пратэсту ў 2020 годзе.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: