Амбасада Швецыі запрашае далучыцца да новага #7daychallenge

Летась, у лістападзе, праходзіў #7daychallenge пра ежу, дзе ўдзельнікі тыдзень вучыліся абіраць карысныя прадукты і памяншаць смецце. У некаторых сапраўды атрымалася зменшыць аб’ём адходаў у некалькі разоў і перайсці да больш адказнага ўжывання.

А сёлета такі ж выклік на тыдзень прапануюць зрабіць у адносінах да вады і паветра, каб пераасэнсаваць сваё стаўленне да гэтых рэсурсаў. Заданні для ўсіх, хто хоча зрабіць сваё жыццё больш экалагічным, будуць з’яўляцца з 4 па 10 траўня ў Telegram чаце  ЧАТ ONLINE #7daychallenge, да якога яшчэ можна далучыцца.

На анлайн-адкрыцці новага тыдні чэленджа выступіла пасол Швецыі ў Беларусі Крысціна Юханесан: “Мы вырашылі не спыняцца толькі на ежы, і сёння пачынаем другую частку праекта. Гэтым разам нашы эксперты надзяляюць вялікую ўвагу вадзе і паветру, што вельмі актуальна. Сёння, калі ў свеце існуюць пэўныя абмежаванні, добра, што ў нас ёсць магчымасць сустрэцца анлайн, пераглядзець свае дзеянні і набыць новыя экалагічныя звычкі”.

 

Подпіс дФота: Дзяніс Зелянко

Тым, хто будзе ўдзельнічаць у гэтым чэленджы, будуць дапамагаць эксперты: даваць парады і тлумачыць, што не так з нашымі бытавымі звычкамі. Першыя карысныя настаўленні ўжо паступілі.

Пра паветра

Каардынатар ініцыятывы Minsk Smart City Міхаіл Дарашэвіч падзяліўся спасылкамі, па якіх можна сачыць за якасцю паветра ў Беларусі:

– Праект грамадскага маніторынгу паветра Беларусі AIRMQ

Maps Sensor Community

Air Quality Community

Увогуле, па словах эксперта, звычка сачыць за якасцю паветра павінна быць такой жа натуральнай, як глядзець тэмпературу на вуліцы перад выхадам.

Міхаіл Дарашэвіч з камандай рэалізуе праект AIRMQ ужо не першы год, таму падзяліўся некаторымі высновамі, якія яны ўжо зрабілі.

 

Праект пачаўся ў Асмолаўцы: вывучалі ці адрозніваюцца паказчыкі якасці паветра ўнутры квартала і на ажыўленай вуліцы Багдановіча. Сачылі за колькасцю PM2.5 у паветры. Гэта цвёрдыя часціны, памерам менш за 2,5 мікрон. Іх дыяметр у 30 разоў менш за чалавечы волас.

Да іх адносіцца пыл, зала, сажа, сульфаты і нітраты ва ўзважаным стане ў паветры. Згодна з Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя, норма канцэнтрацыі часцін PM2.5 — 25 мікраграм на кубаметр.

Ініцыятыва эксперыментальна пацвердзіла, што, напрыклад, навагоднія салюты моцна змяняюць якасць паветра. На графіку можна бачыць, што каля 1–2 гадзін ночы 1 студзеня адбываецца надзвычайны рост цвёрдых часцінак у паветры. Якраз тады, калі ўсе запускаюць феерверкі.

 

Пад Новы год 

Дарэчы, калі людзі сышлі на самаізаляцыю, паветра настолькі ачысцілася, што гэта сапраўды заўважыў датчык на вуліцы Кісялёва ў сталіцы. Прыкладна з 1 красавіка канцэнтрацыя цвёрдых часцінак у паветры відавочна паменшылася.

 

На самаізаляцыі 

Пра ваду

Старшыня эколага-краязнаўчага грамадскага аб’яднання “Неруш” Уладзімір Зуеў адзначае, што Беларусі пашчасціла на забяспечанасць воднымі рэсурсамі. У нас на аднаго чалавека прыходзіцца 6,1 тысяч кубаметраў вады. У Польшчы гэты паказчык — 1,7 тыс. куб. м, в Украіне — 4,1 тыс. куб. м. Пры гэтым вада размеркаваная як па паверхневых водных аб’ектах, так і пад зямлёю.

Увогуле беларусы спажываюць каля 1200 мільёнаў кубаметраў на год. Прычым палову бяруць з паверхневых крыніц, а палову — з падземных. Яны выкарыстоўвацца для патрэб камунальна-бытавога сектара, для прамысловасці і сельскай гаспадаркі.

Практычна ўсе населеныя пункты бяруць ваду з падземных крыніц, за выключэннем Мінска (часткова бярэ з Віленскага вадасховішча) і Гомеля (з Сожа). Якасць вады, якая прыходзіць у нашы дамы, у большасці выпадкаў добрая.

У чым плюс вады з глыбокай свідравіны — яна знаходзіцца ў тых геалагічных гарызонтах, якія склаліся шмат мільёнаў гадоў таму, калі яшчэ не было чалавека, прамысловых прадпрыемстваў. Але ж ёсць два натуральных, але не вельмі карысных кампанента ў вадзе: жалеза і радон.

Прыкладна пятая частка насельніцтва Беларусі ўжывае ваду з перавышанай канцэнтрацыяй жалеза. Калі яно пачынае ўзаемадзейнічаць з кіслародам, то пераўтвараецца ў рыжа-карычневыя камякі, таму яго даволі лёгка пазнаходзіць. Такая вада можа быць небяспечнай для бытавой тэхнікі: пральнай і пасудамыечнай машын, бо будзе забіваць фільтры. А чалавеку яна шкодзіць слізістую і эмаль зубоў.

 

Уладзімір Зуеў


 

Радыеактыўны газ радон з’яўляецца натуральным чынам уздоўж геалагічных разломаў. З вадой ён выходзіць у атмасферу. Таму ванну і кухню трэба абавязкова праветрываць, каб радон не накопліваўся.

Яшчэ можна заўважаць у вадзе солі кальцыю і магнію, якія забяспечваюць прыродную жорсткасць вады. Яны могуць асядаць ў выглядзе накіпу на імбрычку.

Ва многіх месцах у Беларусі пітное водазабеспячэнне вядзецца з калодзежаў і неглыбокіх свідравін. Тут ёсць таксама небяспека.

 

Фота: Антон Сурапін 

У калодзежнай вадзе могуць утрымлівацца нітраты, прадукты празмернага ўгнаення, прадукты распаду арганічных адходаў. Па розных ацэнках, 40–60 % калодзежнай вады ў Беларусі ўтрымлівае перавышаную канцэнтрацыю нітратаў. Таксама небяспечным забруджвальнікам вады можа быць аміяк, які трапляе ў сцёкі з-за няправільнага вядзення сельскай гаспадаркі.

Па меры праходжання па трубах вада таксама можа накопліваць небяспечныя рэчывы. Не сакрэт, што ва многіх населеных пунктах трубы вельмі старыя, з карозіяй. Самы галоўны паказчык — пах. Калі вада нечым пахне, яна мае ў сабе прымесі, і яе трэба правяраць.

Ад дадатковых кампанентаў можна пазбаўляцца фільтрамі, але трэба ведаць склад менавіта вашай вады. Для гэтага пробу вады неабходна аднесці ў лабараторыю.

 

Фота: Антон Сурапін

Практычна ў любым раёне краіны ёсць цэнтры гігіены і эпідэміялогіі, дзе праводзяць такія даследаванні. Дастаткова праверыць кіслотнасць, утрыманне нітратаў, жалеза, агульную жорсткасць — спіс можна працягваць у залежнасці ад таго, наколькі кішэнь дазваляе.

Пасля выкарыстання чалавекам вада вяртаецца ў прыроду. Мы выліваем каля 1000 мільёнаў кубаметраў назад. 60 % з іх — жыллёва-камунальныя адходы. На выхадзе яны фільтруюцца ад буйнога смецця. А на другім этапе ачышчаюцца актыўным ілам: бактэрыямі, якія збіраюць арганічныя рэчывы. Але ж практычна ўсё неарганічнае застаецца ў вадзе і сцякае ў наваколле.

Забруджвае ваду сінтэтычная хімія. Першы шкодны кампанент — павярхоўна актыўныя рэчывы. Другі — фасфаты. У пральным парашку абодва аблягчаюць аддзяленне бруду ад тканіны, па стандартах, фасфатаў у ім можа ўтрымлівацца ад 5 да 15 %.

Калі стокі ачышчаюцца недастаткова, небяспечныя рэчывы трапляюць у навакольная асяроддзе і выклікаюць працэсы актыўнага расплоджвання сіне-зялёных водарасцей. У выніку вада зелянее.

Водарасці з’ядаюць фасфаты і выдзяляюць у ваду таксіны. Плюс яны паглынаюць кісларод, што можа прыводзіць нават да летніх замораў рыбы. Таму зараз адна з галоўных праблем — зніжэнне фасфатаў у сцёкавых водах. Для гэтага спрабуюць удасканаліць гарадскія ачышчальныя збудаванні.

“Калі мяняць свае паводзіны і пераходзіць да натуральных рэчываў для чысткі, мы можам знізіць нагрузку на гарадскія ачышчальныя збудаванні і на гарадское асяроддзе”, — кажа эксперт.

Адна з даволі новых праблем — мікрапластык. Ён накопліваецца ў жывых арганізмах. І праблема ў тым, што ён становіцца порыстым і пачынае, як губка, усмоктваць іншыя забруджвальнікі, як то пестыцыды, цяжкія металы.

Яшчэ адна праблема — астаткі фармацэўтычных прэпаратаў. Яны трапляюць у каналізацыю і на ачышчальных збудаваннях не абясшкоджваюцца. Каля 50 розных медыцынскіх прэпаратаў вельмі ўстойлівыя ў наваколлі. Самыя небяспечныя з іх — антыбіётыкі і гарманальныя прэпараты. 

Што рабіць, каб берагчы наваколле

– знізіць ужыванне вады. Напрыклад, рэшту вады, якая застаецца пасля работы пральнай машыны, можна выкарыстоўваць для змыву ўнітазу.

– абмежаваць выкарыстанне бытавой хіміі. Не выкарыстоўваць тыя, што ўтрымліваюць сінтэтычныя дадаткі, а замяніць іх натуральнымі — напрыклад, содай і гарчыцай. Выкарыстоўваць больш актыўна гаспадарчае мыла, якое хутка разлагаецца ў асяроддзе.

– перайсці з сінтэтычнага да натуральнага адзення, бо з сінтэтыкі ўтвараецца мікрапластык, які таксама трапляе ў ваду.

– не змываць фармацэўтычныя прэпараты ў каналізацыю. Нават калі немагчыма іх выкінуць у спецыяльны кантэйнер, імкнуцца ўтылізаваць рэшту больш ашчадна для асяроддзя: з агульным смеццем на звалку.

– кантраляваць якасць вады. Празрыстасць нічога не гарантуе. Нават крынічкі, якія лічаць чыстымі, насамрэч часта ўтрымліваюць нітраты, забруджвальнікі, якія нельга знайсці ні па колеру, ні па паху. Іх выявіць можна толькі ў лабараторыі. А пазбавіцца ад іх — толькі спецыяльнымі фільтрамі.

– рабіць больш глыбокія свідравіны, своечасова чысціць калодзежы.

greenbelarus.info

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: