Амбасада ЗША пра прысуд Бабарыку: гэта жорсткі фарс

Амбасада ЗША ў Беларусі пракаментавала прысуд Вярхоўнага суда па справе Віктара Бабарыкі. Экс-банкіра асудзілі на 14 гадоў пазбаўлення волі. Пракурор прасіў прызначыць яму пакаранне ў 15 гадоў.
Віктара Бабарыку абвінавачвалі ў легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і ў атрыманні хабару. Ён віны не прызнаў і назваў справу палітычна матываванай, нагадвае «Еўрарадыё».

«Жорсткі фарс судовай сістэмы Беларусі, які выявіўся сёння праз прысуд Віктару Бабарыку, паказаў, што рэжым Лукашэнкі не спыніцца ні перад чым, каб захаваць уладу», — гаворыцца ў паведамленні амерыканскага дыппрадстаўніцтва, апублікаваным у Twitter.

Адзін з былых адвакатаў Віктара Бабрыкі Аляксандр Пыльчанка нагадаў, што за наўмыснае забойства ў Беларусі часам даюць менш.

«Што можна сказаць пра тэрмін. Скажу так: наўмыснае забойства ў нас ад 6 да 15, а прасіць тэрмін 15 гадоў і даваць такі ж прыкладна... Думаю, для Бабарыкі тэрмін не прынцыповы. Сама кваліфікацыя няправільная», — сказаў ён у інтэрв'ю «Свабодзе».

Ён таксама выказаў упэўненасць, што найбліжэйшым часам справа Віктара Бабарыкі будзе перагледжаная і экс-банкір будзе вызвалены.

Адваката Бабарыкі Пыльчанку пазбавілі ліцэнзіі ў мінулым кастрычніку — пасля таго, як ён пракаментаваў СМІ падзеі 9-12 жніўня 2020 года і выказаў сваё меркаванне, што можа ў такіх умовах рабіць Генпракуратура.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: