Амбасадар Украіны ў Беларусі: «Што б ні было – мы заўжды будзем разам»

На свяце ўкраінскай культуры ў Мінску было сонечна, нягледзячы на дождж.

У суботу зранку ў сталіцы бесперапынна ліло, і канцэртная пляцоўка ў Верхнім горадзе напачатку свята выглядала досыць паныла. Нейкі рух стваралі хіба што рыцарскія баі, што сабралі пару дзясяткаў гледачоў ля Музычнага завулка ды ансамбль сярэднявечнай музыкі “Яварына”, якія, здаецца, гатовыя танчыць у любое надвор’е.

Пустыя крэслы перад сцэнай, дзе дэ-факта ўжо распачалося свята ўкраінскай культуры, і нязвыклая адсутнасць чэргаў ля кропак з шашлыком з сумнымі гандлярамі аптымізму не надавалі. Але паступова бліжэй да афіцыйнага старту святочнай праграмы людзей болела, а дождж меншаў.

Зрэшты, тым, у каго сэрцы гараць любоўю да Украіны, дождж не перашкодзіў, хіба што да мноства вышыванак самых розных колераў і фасонаў давялося дадаць адпаведныя надвор’ю аксэсуары — парасоны.
“Я ведала, што прыйду сюды ў любое надвор’е”, – запэўніла мінчанка Святлана, якая прыйшла на свята з украінскім сцягам, па фотаздымкі з якім вельмі хутка ўтварылася чарга.

Мінчанка Святлана прыйшла на свята са сцягам Украіны


Неўзабаве пад шчымлівыя ўкраінскія народныя спевы, якія чаргаваліся з запальваючымі танцамі, атмасфера на свяце ўвогуле стала вельмі ўтульнай. Бо хіба можа быць неўтульна з народам, творчасць якога працінае да самага сэрца?

— Вельмі важна, каб нашы народы і культуры ядналіся. І зараз мы бачым цудоўны прыклад таго, як гэта адбываецца. Я ўжо казаў, што для развіцця – эканамічнага, палітычнага, любога – важна, каб нашы народы мелі магчымасць стасункаваць. І што б ні было – мы заўжды будзем разам, – падзяліўся з карэспандэнтам “Новага Часу” амбасадар Украіны ў Беларусі Ігар Кізім.

Амбасадар Украіны ў Беларусі Ігар Кізім


Амбасадар Украіны ў Беларусі Ігар Кізім

Амбасадар Украіны ў Беларусі Ігар Кізім


Амбасадар Украіны ў Беларусі Ігар Кізім

Амбасадар Украіны ў Беларусі Ігар Кізім


Сёлета на ўкраінскім свяце адметнасць свайго рэгіёна прадставіла Цярнопальшчына, летась – Пальтаўшчына. Спадар амбасадар выразіў спадзеў, што неўзабаве беларусы змогуць бліжэй пазнаёміцца з усёй разнастайнасцю ўкраінскай культуры.

Фота Дзіяны Серадзюк


Арганізатарамі свята ўкраінскай культуры ў Мінску выступілі Амбасада Украіны ў Беларусі і Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт.


Фота Арцема Лявы



Фота Дзіяны Серадзюк, Арцёма Лявы

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • Валянціна
  • 2018-08-18 21:24:43
Цудоўныя фота! Сардэчны тэкст! Свята атрымалася!! Дзякуй за матэрыял!!!

Каментаваць