Амбасадар Украіны ўручыў дыпломы выпускнікам курсаў украінскай мовы

Урачыстая імпрэза адбылася ў амбасадзе Украіны. Перад прысутнымі выступіў украінскі дыпламатычны прадстаўнік Ігар Кізім, сакратар амбасады Іван Башняк, выкладчыцца курсаў украінскай мовы, валанцёрка Оксана Ціпліцка.


Як адзначыў амбасадар, яго місія будзе заўсёды падтрымліваць падобныя грамадскія ініцыятывы, бо гэта праява сапраўднай народнай дыпламатыі, якая найлепшым чынам умацоўвае сяброўскія стасункі паміж народамі.


Удзельнікі імпрэзы чыталі ўкраінскія вершы ды спявалі песні і нават танчылі. Прафесійным выкананнем песень парадавала прысутных Маргарыта Кучук з Украінскага музычнага таварыства. Гасцей таксама чакалі лёгкі пачастунак з садавіны і цукерак. Сустрэча праходзіла ў надзвычай сяброўскай і добразычлівай атмасферы.

Курсы украінскай мовы амбасада Украіны сумесна з Таварыствам беларускай мовы ладзіць другі год. Такім чынам гэта ўжо другі выпуск. Сёлета дыпломы атрымалі трыццаць два чалавекі. Групы звычайна фармуюцца восенню. Заняткі праходзяць да лета.

Сёлета асноўным выкладчыкам была індывідуальная прадпрымальніца Оксана Ціпліцка, якая мае украінскае паходжанне і пераехала ў Беларусь пасля замужжа. Паводле яе слоў, у групах прыкладна палова украінцаў і палова беларусаў. Матывацыя беларусаў даволі незвычайная: яны прыходзяць на курсы не столькі з цікаўнасці да гісторыі і культуры краіны-суседкі, а ў значнай ступені, каб выказаць сваю салідарнасць з сяброўскім паўднёвым суседам.
 

 Фота аўтара




Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!