Амбасадар Польшчы патрабуе ад Гулякі фактаў пра ксяндзоў-парушальнікаў

Амбасадару Польшчы ў Беларусі Лешэку Шарэпку нічога не вядома пра факты нібыта здзяйснення каталіцкімі святарамі з Польшчы правапарушэнняў на тэрыторыі Беларусі. Пра гэта ён заявіў 5 лютага на брыфінгу ў Гомелі. «Я чакаю ад спадара Гулякі інфармацыі — пра якіх канкрэтна ксяндзоў ён казаў у сваім выступе», — сказаў ён.



Лешэк Шарэпка


 Пры гэтым дыпламат адзначыў, што і ў Беларусі, і ў Польшчы «Царква — гэта трошкі асобная дзяржава». «І мы не прымаем ніякага ўдзелу тут, гэтым займаецца нунцый Ватыкана і кіраўніцтва вашай Каталіцкай Царквы», — дадаў амбасадар, перадае БелаПАН.
 
 
Як паведамлялася раней, Леанід Гуляка 22 студзеня заявіў, што некаторыя святары з Польшчы спрабуюць займацца ў Беларусі палітыкай, а кіраўніцтва Рымска-каталіцкай царквы не зацікаўлена ў падрыхтоўцы сваіх кадраў. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на прэс-канферэнцыі 29 студзеня заявіў, што не вельмі задаволены службай некаторых польскіх святароў.
 
 
Беларускія каталікі, абураныя заявамі Леаніда Гулякі, пачалі збор подпісаў пад адкрытым лістом да кіраўніцтва краіны аб тым, што крытыка без фактаў з боку высокапастаўленага чыноўніка абражае вернікаў, іх пастыраў і іх рэлігійныя пачуцці.
 
 
Каталіцкія Біскупы Беларусі 30 студзеня назвалі абвінавачванні «неабгрунтаванай абразай Каталіцкага Касцёла і распальваннем міжнацыянальнай і міжканфэсійнай варожасці».
 
 
30 студзеня міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей сустрэўся ў МЗС з Апостальскім Нунцыем у Беларусі Клаўдыё Гуджэроцці. Як паведамілі ў МЗС, сустрэча была арганізавана па ініцыятыве беларускага боку.
 
 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!