Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Амерыканскі падарожнік у Гродне: «5 дзён па бязвізавым рэжыме гэта мала»

Grodno Travelers‘ club, дзе выступаюць мясцовыя і замежныя падарожнікі, з’явіўся ў Гродне ў кастрычніку 2017. Госці клуба дзеляцца сваім вопытам даступных паездак па свеце. 10 лістапада ў клубе выступіў падарожнік з ЗША Скот Цiл, які прыехаў у Гродна па бязвізавым рэжыме.
Скоту 50 гадоў, ён родам з Дэтройта. Мужчына не працуе, а здае ў арэнду свае тры дамы. За гэтыя грошы ён падарожнічае, пакуль па Еўропе. Будучы ў Польшчы, Скот даведаўся пра бязвізавы рэжым у Гродне.

«Цяпер я падарожнічаю два месяцы. Калі быў ў Беластоку, то даведаўся праз гугл, што ў Беларусь можна патрапіць без візы, – распавядае Скот. – Уезд аформіў праз адну з гродзенскіх турфірмаў. Мне падабаецца падарожнічаць, асабліва ў тых месцах, куды цяжка патрапіць турыстам. Да нядаўняга часу Беларусь была адной з такіх краін».

5 памочнікаў у вялікім падарожжы паводле Скота

1. Skyscanner – пошук авіябілетаў і гатэляў
2. CouchSurfing – пошук бясплатнага жылля
3. Веданне моваў
4. Усмешка
5. Дапамога ўсім людзям

Гарэлкі не п’е, а піва дапамагае з мовамі

Падарожнічае Скот па Еўропе ў асноўным лоўкостамi – таннымі авіялініямі. Калі ж ён быў у Расіі, то карыстаўся мясцовымі цягнікамі.

«Я люблю плацкарты, але калі квіткоў на іх няма, бяру купэ. У цягніку можна пазнаёміцца ​​з добрымі людзьмі. Гарэлку ў цягніку не п’ю, толькі піва. Калі шмат яго вып’ю, то мая руская мова становіцца значна лепшай.

Я яшчэ не падарожнічаў аўтастопам, але хачу паспрабаваць. Зараз я не працую і падарожнічаць магу спакойна. У мяне ў ЗША ёсць тры дамы, якія я здаю ў арэнду, а за атрыманыя грошы падарожнічаю. Раблю гэта дзесьці з пачатку 2000-х гадоў. Пакуль я мала дзе быў, у асноўным на еўрапейскім кантыненце. Але ў планах – патрапіць у Кітай, Аўстралію і іншыя краіны на розных кантынентах. Маё цяперашняе падарожжа доўжыцца ўжо каля двух месяцаў».

Пяць дзён па бязвізавым рэжыме – мала

Пасля Гродна Скот плануе трапіць у Літву і іншыя балтыйскія краіны. Адтуль 22 лістапада ён паляціць у ЗША. У студзені амерыканец плануе чарговы раз наведаць Калумбію.

«Паездка ў Гродна мне вельмі спадабалася. Я вельмі рады, што трапіў у гэты беларускі горад. У прынцыпе, уся Еўропа аднолькавая, і я імкнуся звяртаць увагу толькі на прыгожае і на добрых людзей. На тое, што можна потым успомніць. Пяць дзён у Беларусі для такіх бязвізавых турыстаў як я – мала, бо нічога толкам не паспееш паглядзець і зразумець краіну. Спадзяюся, калі-небудзь зробяць больш дзён».

Паводле hrodna.life

Каментаваць