Amnesty International абвесціла новую глабальную кампанію салідарнасці з беларусамі

Праваабарончая арганізацыя Amnesty International («Міжнародная амністыя») выпусціла новы даклад аб беспакаранасці за катаванні беларусаў. На прэс-канферэнцыі, прысвечанай прэзентацыі дакладу, праваабаронцы і актывісты арганізацыі агучылі новую лічбу палітвязняў і заявілі аб пачатку глабальнай кампаніі салідарнасці з беларускім народам.

Новыя лічбы палітвязняў

Amnesty International — міжнародная арганізацыя, якая ставіць за мэту спыненне парушэння правоў чалавека. Сёння яна прэзентавала даклад: «Беларусь: "Вы не людзі". Гарантаваная дзяржавай беспакаранасць і беспрэцэдэнтны міліцэйскі гвалт у дачыненні да мірных пратэстоўцаў» (англ). Amnesty International заклікае міжнародную супольнасць зрабіць актыўныя крокі для таго, каб дамагчыся правасуддзя для ахвяр і прыцягнення да адказнасці вінаватых. Прынамсі, Беларусь мусіць гэта рабіць, бо падпісала Канвенцыю супраць катаванняў. Акрамя гэтага, існуюць Камітэт па правах чалавека ААН, Савет пра правах чалавека ААН, даклад якога будзе прадстаўлены ў сакавіку.

Па адміністрацыйных артыкулах за мінулы год затрымана каля 33 тысячы беларусаў, крымінальныя справы распачаты ў дачыненні больш за 900 чалавек, але далёка не ўсе прозвішчы вядомы праваабаронцам. Да сённяшняга дня ў Беларусі налічвалася 190 палітычных вязняў. Сёння офісам праваабарончай арганізацыі «Вясна» была падрыхтавана заява аб уключэнні ў гэты спіс яшчэ 31 чалавека.

«Вясна» сабрала сведчанні больш за 1000 чалавек, якія пацярпелі гвалт. Больш за 1800 пацярпелым ад гвалту было адмоўлена ў распачынанні крымінальных спраў: усё сканчвалася праверкай.

Алег Казлоўскі, даследчык «Amnesty International» і аўтар дакладу тлумачыць, што беларускае заканадаўства пакідае шырокі прастор для фантазіі следчых. Напрыклад, згодна расійскаму заканадаўству, на разгляд заявы даецца месяц, згодна беларускаму заканадаўству — тры месцы. «Калі мы кажам пра катаванні, за тры месяцы ўжо не застанецца аніякіх улік, у выніку чаго ў распачынанні крымінальнай справы будзе адмоўлена».

Праблема катаванняў — не новая для Беларусі

Валянцін Стэфановіч, намеснік кіраўніка праваабарончага цэнтра «Вясна», нагадаў, што праблема катаванняў не з’яўляецца новай для Беларусі: «На працягу ўсіх гадоў нашай працы мы сутыкаліся з катаваннямі. Прытым, катавалі не толькі палітычных вязняў,  а і звычайных». У якасці месца, дзе і раней катавалі людзей, Стэфановіч прыводзіць у прыклад нават такую структуру, як лячэбна-працоўны прафілакторый. Катаванні ў Беларусі праяўляюцца асаблівым чынам падчас абвастрэнняў рэпрэсій, якія супадаюць з электаральнымі кампаніямі. «Але зараз рэпрэсіі носяць маштабны характар, такога не было бадай з 1991 года», — дадае Стэфановіч.

Да таго ж упершыню сілавікі прымянілі супраць мірных пратэстоўцаў гумовыя кулі, ад якіх загінуў Аляксандр Тарайкоўскі ў Мінску. Ад агнястрэльнага ранення загінуў Генадзь Шутаў з Брэста. У якасці доказаў глыбокага падзення прававой сістэмы ў Беларусі Стэфановіч прыводзіць факт арыштаў людзей за выкладанне ў сацыяльныя сеткі фота з бел-чырвона-белай пасцілой і змаганне міліцыі з бел-чырвона-белымі снегавікамі.

Алена Памаха, куратар валанцёраў па пошуку арыштаваных, нагадала пра дні, калі пасля першых акцый пратэсту пачыналі выпускаць людзей з Акрэсціна: «Пасля таго, як мужчын выпусцілі, яны сталі разбягацца ў розныя бакі. Мы, валанцёры, у цемры лавілі дарослых мужчын, якія ледзь-ледзь перасоўваліся, некаторыя — басанож некаторыя — з пераломамі. Казаць, што гвалту не было, — крайняя ступень цынізму». Алена нагадала, што да фізічных катаванняў далучаліся і псіхалагічна-маральныя. Напрыклад, калі замест выканання просьбы адчыніць фортку ў камеры, сілавікі распылялі туды газ. Актывістка адзначае, што катаванні зараз не спыняюцца, бо вязняў пазбаўляюць магчымасці атрымаць сродкі гігіены: «Важна падымаць пытанні аб жорсткім абыходжанні з вязнямі. Адзін са спосабаў тэрапіі для тых, хто выйшаў з ізалятараў — гэта ведаць тое, што сусветная супольнасць пра нас не забывае. Разуменне таго, што мы не адны, — гэта тое, што патрэбна беларусам зараз».

Валянцін Стэфановіч кажа, што ён бачыў шмат палітычных крызісаў і рэпрэсій у Беларусі. «Аднак цяпер мы маем карэнна іншую сітуацыю: у большасці беларусаў з’явіўся запыт на перамены. Гэта дае надзею на тое, што мы будзем мець іншую сітуацыю раней ці пазней. Хаця выбары скралі не сёння, іх скралі даўно. Але большая частка грамадства гэта зразумела, вось што ёсць важна».

Кампанія салідарнасці з беларусамі

Таццяна Маўшэвіч, кіраўнік кампаніі ў Беларусі і асістэнт кампаніі ва Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі, распавяла пра распачатую ад сёння кампанію салідарнасці, якая закране сусветную супольнасць.

«У жніўні і верасні, калі сцены ізалятараў літаральна ламіліся ад вязняў, пра сітуацыю ў Беларусі казалі, — распавядае Таццяна. — Тады Amnesty International запусціла глабальную петыцыю, якую падпісалі 191.000 чалавек са 144 краін і свету. Сёння публікацыяй дакладу Amnesty International пачынае глабальную кампанію салідарнасці з народам Беларусі».

Мэта кампаніі салідарнасці — паказаць, што беларусы не забытыя: за імі назірае ўвесь свет. Двойчы ў месяц арганізацыя будзе прадстаўляць свае высновы аб маштабах палітычна матываваных пераследаў у дачыненні да розных груп беларусаў. Усе дзесяць мільёнаў прыхільнікаў Amnesty International па ўсім свеце атрымалі запрашэнне далучыцца да кампаніі пад лозунгам #standwithbelarus. Візуальным лейтматывам кампаніі стануць кветкі. Кветкі — бяскрыўдны мірны сімвал, але для Беларусі ён азначае жудасныя часы. Любы можа запосціць у сацыяльныя сеткі фота кветак ці сябе з кветкамі і дадаць адпаведны хэштэг. Адна з ідэй — стварэнне беларускімі мастакамі, якія пацярпелі ад рэпрэсій, карцін, на якіх будуць выяўлены кветкі.

З студзеня па травень «Amnesty» будзе прадстаўляць серыю матэрыялаў, прысвечаных таму, як розныя групы людзей, у тым ліку дзяцей, жанчын і студэнтаў, пацярпелі ад парушэнняў правоў чалавека з боку ўлады. Гэтым актывісты хочуць прыцягнуць увагу еўрапейскіх СМІ да канкрэтных лёсаў пацярпелых ад гвалту беларусаў.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: