Amnesty International: Беларускія ўлады падвяргаюць актывістак і жаночыя арганізацыі прыцэльным пераследам

Жанчыны Беларусі адыгрываюць бачную ролю ў пратэстах, падвяргаючыся рэпрэсіям і пагрозам. У новым брыфінгу, прысвечаным жаночаму вымярэнню барацьбы за правы чалавека ва ўмовах рэпрэсій у Беларусі, што ўзмацняюцца, Amnesty International падкрэслівае важную ролю жанчын-актывістак у праваабарончай барацьбе і паказвае, што спецыфічнаму пераследу з боку дзяржавы падвяргаюцца і жаночыя арганізацыі.
Сілавікі, што арыштоўвалі і дапытвалі суразмоўніц Amnesty International, абвінавачвалі іх у тым, што яны «дрэнныя маці», што яны «дрэнныя жонкі», улады пагражалі забраць у іх дзяцей. Падчас утрымання пад вартай яны сутыкаліся з жорсткасцю, кагосьці кінулі ў турму ў выніку неабгрунтаванага крымінальнага пераследу.

«Святлана Ціханоўская, прымушаная да эміграцыі кандыдатка ў прэзідэнты, кіраўніца яе штаба Марыя Калеснікава, кінутая ў турму, Марфа Рабкова, зняволеная праваабаронца, журналісткі Кацярына Бахвалава і Дар'я Чульцова, прысуджаныя да двухгадовага зняволення за жывую трансляцыю акцыі пратэсту, — толькі некаторыя з многіх жанчын, чые імёны сталі сінонімамі барацьбы за свабоду і правы чалавека ў Беларусі, — кажа Аіша Джанг, старэйшая кiраўнiца кампаній Amnesty International па Беларусі. — У глыбока патрыярхальным грамадстве з паўсюдным распаўсюджваннем сямейнага гвалту жанчыны ў Беларусі рызыкавалі многім, калі адстойвалі свае перакананні. Зараз жа беларускія ўлады прымаюць яшчэ больш жорсткія меры, накіраваныя супраць жанчын-актывістак, іх арганізацый і сем'яў».

Адна з гераінь новага брыфінгу Amnesty International — Юлія Міцкевіч, актывістка-феміністка, кіраўніца гендарна-асветніцкай арганізацыі пад назвай «Актыўным быць файна», адначасова з'яўляецца сябрам падгрупы апазіцыйнай Каардынацыйнай рады «Фем-група». Яна была затрыманая 20 кастрычніка 2020 г. пры выхадзе са свайго офіса.

Юліі было афіцыйна прад'яўленае абвінавачванне ва «ўдзеле ў незаконным сходзе», але, на яе думку, яе пераследуюць менавіта за яе дзейную барацьбу за гендарную роўнасць. Супрацоўнікі міліцыі, якія затрымалі Юлію, і следчыя, што дапытвалі яе, настойвалі на тым, каб яна падпісала заяву, што яна прымала ўдзел у «незаконных» дзеяннях непасрэдна як прадстаўніца сваёй арганізацыі.

«Яны то абяцалі, то запалохвалі. У першы раз яны цікавіліся "Фем-групай", жаночымі маршамі і фінансаваннем, а ў другі раз пыталіся ўжо пра маю арганізацыю», — распавяла Юлія Amnesty International.

«Мы заклікаем да салідарнасці з адважнымі жанчынамі Беларусі ў іх барацьбе за свабоду і правы чалавека. У сваёй барацьбе яны кідаюць выклік патрыярхальным поглядам і рэпрэсіўнаму ўраду, які імкнецца падавіць правы чалавека і падавіць перамены і прагрэс, да якіх заклікаюць беларусы», — звярнулася Аіша Джанг да прыхільнікаў Amnesty International.

Глабальная кампанія салідарнасці Amnesty International з пратэстоўцамі ў Беларусі #StandWithBelarus была запушчана 27 студзеня 2021 года з публікацыі дакладу, які паказвае, як беларускія ўлады выкарыстоўвалі сістэму правасуддзя для пакарання ахвяр катаванняў, а не злачынцаў. Арганізацыя рэгулярна выпускае матэрыялы, у якіх асвятляецца, якому пераследу падвяргаюцца розныя пласты беларускага грамадства. Актывісты Amnesty International па ўсім свеце будуць удзельнічаць у розных акцыях, каб прадэманстраваць сваю салідарнасць з мірнымі дэманстрантамі ў Беларусі.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: