«Amnesty International»: Беларускія ўлады паставілі пад пагрозу здароўе пратэстоўцаў сталага веку

Міжнародная праваабарончая арганізацыя «Amnesty International» задакументавала адвольныя арышты і факты жорсткага абыходжання з пажылымі людзьмі ў Беларусі.


«Беларускія ўлады паставілі пад пагрозу здароўе пратэстоўцаў сталага веку, якім пагражае падвышаная рызыка заражэння COVID-19, транспартуючы іх у перапоўненых міліцэйскіх аўтобусах і змяшчаючы ў такія ж перапоўненыя турэмныя камеры», — гаворыцца ў прэс-рэлізе арганізацыі.

Як адзначае «Amnesty International», многія пажылыя людзі ў Беларусі арганізавалі ўласныя акцыі салідарнасці з мірнымі дэманстрантамі, вядомыя як Маршы мудрасці.

«Людзі ўсіх узростаў бралі ўдзел у пратэстах супраць рэпрэсіўнага рэжыму Лукашэнкі. Незалежна ад узросту пратэстоўцаў, улады адказвалі на іх акцыі аднолькавым гвалтам. Абыходжанне з мірнымі дэманстрантамі было жахлівым паўсюдна, аднак жорсткае абыходжанне з 80-гадовымі людзьмі дэманструе ў поўнай меры, наколькі непрапарцыйная рэакцыя міліцыі», — заявіла каардынатарка кампаній «Amnesty International» па Беларусі Таццяна Маўшэвіч.

 «"Amnesty International" сабрала інфармацыю аб пажылых людзях, якія пакутуюць на цяжкія захворванні, у тым ліку рак, хваробы сэрца, лёгкіх і гэтак далей. Яны падвергліся жорсткім затрыманням на тэрмін да некалькіх тыдняў. Гэта выклікае асаблівую заклапочанасць — з улікам таго, што беларускія ўлады так і не зрабілі адэкватных крокаў для мінімізацыі рызыкі заражэння каронавірусам сярод затрыманых», — дадала каардынатарка арганізацыі.

Глабальная кампанія салідарнасці «Amnesty International» #StandWithBelarus распавядае, як падаўленне пратэстаў уплывае на розныя пласты беларускага грамадства. Беларускія ўлады ператварылі сістэму правасуддзя ў зброю, каб караць тых, хто перажыў катаванні, а не злачынцаў, а жанчын падвяргалі сэксісцкім нападкам і абразам.

«Мы заклікаем да салідарнасці з народам Беларусі, паколькі яго правы працягваюць сістэматычна парушацца», — заявіла Таццяна Маўшэвіч.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: