Amnesty International: некаторыя меры ўладаў па барацьбе з каронавірусам ствараюць пагрозу для грамадства

29 красавіка выйшаў даклад міжнароднай праваабарончай арганізацыі Amnesty International, прысвечаны мерам, уведзеным ва Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі па недапушчэнні распаўсюджвання каронавіруса. Яго складальнікі лічаць, што некаторыя дзеянні ўладаў краін гэтых рэгіёнаў парушаюць правы грамадзян і ствараюць пагрозу для ўсяго грамадства.


Аўтары дакладу выказваюць заклапочанасць фактамі парушэння правоў чалавека, абмежаванні доступу да інфармацыі і рэпрэсіямі супраць журналістаў і апазіцыі пад выглядам барацьбы з хваробай. Таксама яны лічаць, што пад пагрозай аказаліся некаторыя ўразлівыя слаі насельніцтва: пажылыя людзі, бежанцы і мігранты, прадстаўнікі ЛГБТ-супольнасці, зняволеныя, людзі з разладамі псіхікі, бяздомныя, ахвяры сямейнага гвалту — усе яны пацярпелі ці яшчэ могуць пацярпець ад дзеянняў або бяздзейнасці ўладаў.

У дакладзе адзначаюць, што дзяржавы павінны забяспечыць доступ грамадзян да атрымання важнай медыцынскай дапамогі, у тым ліку рэпрадуктыўнай (цяжарнасць, перынатальнае і постнатальнае даследаванні; аборты, кантрацэптывы, дапамога пры выкідышах і т. д.), што, па звестках праваабаронцаў, часта не адбываецца ў некаторых краінах рэгіёну.

"Пацыентаў выпісваюць з бальніц да заканчэння курса лячэння або адмаўляюцца прымаць новых, у тым ліку з планавым лячэннем ад анкалогіі або іншымі цяжкімі захворваннямі. У некаторых краінах медперсанал у першую чаргу пацярпеў ад хваробы: у Андыжане (Узбекістан) 90 адсоткаў усіх шпіталізаваных з каронавірусам — медыкі, толькі ў адной лякарні ў Алматы (Казахстан) шпіталізавана 182 медыка", — прыводзяць прыклады праваабаронцы.

Праваабаронцы крытыкуюць дзеянні расійскіх уладаў па ўвядзенні адказнасці «за распаўсюд заведама ілжывай інфармацыі аб абставінах, якія прадстаўляюць пагрозу жыцця і бяспекі грамадзян і/або аб дзеяннях урада па абароне насельніцтва». За гэта прадугледжаны буйныя штрафы, прымусовыя работы, пазбаўленне волі. Прычым гэтыя меры ўведзеныя ў Крымінальны кодэкс не часова на перыяд пандэміі, а могуць прымяняцца ўладамі і пасля яе заканчэння. Папраўкі ў Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях, якія ўступілі ў Расіі ў сілу 1 красавіка, таксама ўсталявалі вялікія штрафы для журналістаў, якія распаўсюджваюць недакладную інфармацыю.

Аўтары лічаць, што Азербайджан выкарыстоўвае сітуацыю з каронавірусам як падставу для рэпрэсій супраць апазіцыі.

«19 сакавіка ў звароце да нацыі з нагоды Наўруза (Новага года) Ільхам Аліеў заявіў аб "новых правілах" у сувязі з распаўсюджваннем віруса. Пасля гэтага праваахоўныя органы пачалі затрымліваць апазіцыянераў паводле абвінавачванняў у крадзяжы і хуліганстве, а некаторых журналістаў, якія патрабавалі ад урада фінансавай падтрымкі грамадзян і бізнесу, затрымалі на тэрмін ад 10 да 30 дзён паводле абвінавачванняў у непадпарадкаванні паліцыі і парушэнні каранціну», — гаворыцца ў дакладзе.

Краіны Сярэдняй Азіі аўтары дакладу асудзілі за адмаўленне кіраўніцтвам пагрозы каронавірусу і заявы аб адсутнасці хворых (Туркменістан, Таджыкістан). У Казахстане і Кыргызстане былі выпадкі прымянення неадэкватных мер прымусу, напрыклад, для захавання каранціну апячатвалі шматкватэрныя дамы без згоды на гэта жыхароў. Прааналізавана сітуацыя і ў іншых краінах.

Беларусь у дакладзе згаданая разам з Таджыкістанам і Туркменістанам як краіна, чый лідар прымяншае пагрозу, якая зыходзіць ад віруса. Там цытуюцца працытаваныя найбуйнейшымі сусветнымі СМІ выказванні Аляксандра Лукашэнкі адносна мер прафілактыкі і магчымасці распазнаць наяўнасць віруса візуальна.

Паводле news.tut.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: