Amnesty International патрабуе вызваліць арыштаваных беларускіх блогераў і актывістаў

Міжнародная арганізацыя Amnesty International патрабуе ад уладаў Беларусі вызваліць Ігара Лосік і іншых арыштаваных беларускіх блогераў і актывістаў.
«Беларускія ўлады праводзяць поўнамаштабную зачыстку іншадумцаў, выкарыстоўваючы рэпрэсіўныя законы для падаўлення крытыкі напярэдадні выбараў, на якіх Аляксандр Лукашэнка балатуецца на шосты тэрмін запар. Кандыдаты ад апазіцыі, іх прыхільнікі і незалежныя СМІ сутыкнуліся з адвольнымі арыштамі, вялікімі штрафамі і турэмным зняволеннем. Зараз тыя, хто актыўна вядуць сацыяльныя сеткі, таксама робяцца мішэнню пераследаў», — заявіла старэйшы кiраўнiк кампаній Amnesty International па Беларусі Аіша Джанг.

Так яна пракаментавала паведамленні, што прынамсі тры бачных беларускіх блогера — Ігар Лосік, Сяргей Пятрухін і Сяргей Спарыш — былі затрыманыя ў чацвер.

«Мы ўзрушаныя гэтымі апошнімі арыштамі. Прынамсі, яшчэ два папулярных блогера, Уладзімір Няронскі і Уладзімір Цыгановіч, ужо знаходзяцца пад арыштам і ім прад'яўлена крымінальнае абвінавачванне. Ніхто не павінен быць пакараны за выкарыстанне Інтэрнэту для выказвання меркавання пра ўрад і яго палітыку. Улады павінны памятаць, што свабода слова — гэта права, а не злачынства», — дадала Джанг.

«Amnesty International заклікае неадкладна і безумоўна вызваліць усіх блогераў і пакласці канец працяглага па падаўленні свабоды выказвання меркаванняў у Беларусі», — гаворыцца ў паведамленні на сайце арганізацыі.

Там таксама пазначана, што «за апошнія 24 гадзіны беларускія ўлады арыштавалі па сфабрыкаваных абвінавачваннях Ігара Лосіка, адміністратара папулярнага Telegram-канала  «Беларусь галаўнога мозгу», Сяргея Пятрухіна, адміністратара Telegram-каналаў «Народны рэпарцёр» і «Youtube-дэпутаты», і Сяргея Спарыша, члена ўстаноўчага камітэта новай апазіцыйнай партыі «Народная грамада».

Іншы блогер, Уладзімір Цыгановіч, які адбывае 15 сутак адміністрацыйнага арышту за ўдзел у мірнай дэманстрацыі, таксама быў абвінавачаны ў «арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (арт. 342 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь). Блогер Уладзімір Няронскі таксама знаходзіцца пад вартай і яму прад'яўлена такое ж абвінавачанне, а таксама «публічная абраза прадстаўніка ўлады» (арт. 369 Крымінальнага кодэкса).

У цяперашні час у Беларусі праходзіць кампанія па выбарах прэзідэнта краіны. Выбары павінны адбыцца 9 жніўня 2020 года.

26 чэрвеня Генпракуратура і МУС рэспублікі звярнуліся з заклікам да грамадзян абдумана і ўзважана падыходзіць да рэалізацыі свайго права на свабоднае выказванне меркавання, у тым ліку ў сетцы Інтэрнэт, нагадаўшы пра адказнасць за паклёп і абразы.

interfax.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: