Amnesty International патрабуе вызваліць Паўла Севярынца

Праваабаронцы заклікалі накіроўваць на імя генпракурора Беларусі Аляксандра Канюка лісты з патрабаваннем неадкладна вызваліць апазbцыйнага палітыка Паўла Севярынца, паведамляе Свабода.
«З дакладных крыніц нам стала вядома пра жорсткае абыходжанне пад вартай з ветэранам беларускай апазіцыі Паўлам Севярынцам, якога арыштавалі 7 чэрвеня. Павал Севярынец — вязень сумлення, якога варта неадкладна вызваліць без усялякіх умоў, а да таго часу гарантаваць яго бяспеку і недатыкальнасць», — заявіла праваабарончая арганізацыя Amnesty International.

Севярынец быў затрыманы 7 чэрвеня каля свайго дома пасля таго, як правёў на плошчы перад Камароўскім рынкам у Мінску «народны пікет свабоды і салідарнасці» побач з пікетамі па зборы подпісаў за вылучэнне альтэрнатыўных Аляксандру Лукашэнку кандыдатаў у прэзідэнты.

Суд Фрунзенскага раёна Мінска арыштаваў яго на 15 сутак за ўдзел у адным з папярэдніх перадвыбарных пікетаў. Пазней Севярынцу былі прызначаныя адміністрацыйныя арышты за ўдзел у іншых акцыях. У выніку некалькіх судовых пасяджэнняў Севярынец атрымаў сумарна 90 сутак арышту.

Паводле Amnesty International, «у адказ на беспрэцэдэнтную мабілізацыю апазіцыі і акцыі пратэсту супраць прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі па ўсёй Беларусі ўлады разгарнулі бязлітасную кампанію па ачарненні і затрыманню асноўных кандыдатаў у прэзідэнты па сфабрыкаваных абвінавачваннях».

Amnesty International заклікала ўлады Беларусі «неадкладна спыніць эскалацыю атак на правы чалавека, вызваліць усіх, каго ўтрымліваюць пад вартай выключна за мірнае карыстанне правамі, а таксама прыцягнуць да адказнасці ўсіх вінаватых у парушэннях правоў чалавека».

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: