«Amnesty International»: Прымус Рамана Пратасевіча да «прызнання» ў эфіры тэлебачання раўназначны жорсткаму абыходжанню

Мары Стразерс, дырэктарка «Amnesty International» па Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі, пракаментавала трансляцыю 3 чэрвеня па беларускім тэлебачанні прымусовага «прызнання» незаконна арыштаванага журналіста Рамана Пратасевіча.

«Вымушаны самаабгавор Рамана Пратасевіча па беларускім дзяржаўным тэлебачанні ўяўляў з сябе жудаснае відовішча. Чалавек, які відавочна знаходзіцца на мяжы зрыву, у слязах і з бачнымі пашкоджаннямі на запясцях, вымушаны абгаворваць сябе і нахвальваць сваіх выкрадальнікаў. Гэта быў прыклад жорсткага і зневажаючага чалавечую годнасць абыходжання, які трансляваўся ў тэлеэфіры».

«Учарашняе зневажальнае "інтэрв'ю" паказвае, што Раман Пратасевіч знаходзіцца пад невыносным псіхалагічным ціскам, што раўназначна жорсткаму абыходжанню і дае падставу патрабаваць прыцягнення да адказнасці ўсіх, хто стаіць за гэтым фарсам. Раман Пратасевіч быў пазбаўлены волі, і яму пагражае працяглы тэрмін турэмнага зняволення выключна за тое, што ён скарыстаўся сваім правам на свабоду выказвання меркавання», — дадала яна.

«Мы адзначаем рашучае міжнароднае асуджэнне рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, у тым ліку краінамі Еўрапейскага саюза, і заклікаем сусветныя ўрады зрабіць усё магчымае, каб пакласці канец крызысу з правамі чалавека ў Беларусі. Усе вінаватыя ў катаваннях, забойствах і іншых злачынствах па міжнародным праве ў Беларусі павінны быць прыцягнуты да адказнасці ў адпаведнасці з міжнародным правам, для чаго павінны быць уведзеныя ў дзеянне ўсе даступныя транснацыянальныя механізмы правасуддзя», — дадала яна.

Беларускі журналіст і блогер Раман Пратасевіч, сузаснавальнік папулярнага апазыцыйнага Telegram-канала, прызнанага ў Беларусі экстрэмісцкім, быў арыштаваны 23 траўня пасля таго, як яго рэйс у Літву быў прымушаны да прызямлення ў Мінску. Увечары 3 чэрвеня беларускі дзяржаўны тэлеканал АНТ паказаў «інтэрв'ю» з журналістам, у якім той прызнаўся ў планаванні антыўрадавых акцый пратэсту і хваліў Аляксандра Лукашэнку. У ходзе размовы з тэлевядучым Маратам Маркавым Раман Пратасевіч некалькі разоў плакаў і закрываў твар рукамі. Гэта дазволіла ўбачыць заўважныя сляды ад наручнікаў у яго на яго запясцях.

Раману Пратасевічу прад'яўленыя абвінавачанні па арт. 293 (1) («Арганізацыя масавых беспарадкаў»), 342 (1) («Арганізацыя альбо актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія сур'ёзна парушаюць грамадскі парадак») і 130 (3) («Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці ці розні») Крымінальнага кодэкса Беларусі. У выпадку прызнання вінаватым яму пагражае да 20 гадоў пазбаўлення волі.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: