Amnesty International заклікалі прызнаць Емяльянава і Комара вязнямі сумлення

Сябры і тыя, хто спачувае зняволеным анархістам, змантавалі відэаролік пра крымінальную справу Мікіты Емяльянава і Івана Комара. У ім праваабарончую арганізацыю Amnеsty International заклікаюць прызнаць хлопцаў вязнямі сумлення.
Іван Комар і Мікіта Емяльянаў. Фота Радыё Свабода

Іван Комар і Мікіта Емяльянаў. Фота Радыё Свабода

Статус вязня сумлення — гэта, у першую чаргу, паказчык таго, што актывіст знаходзіцца ў няволі не па бытавой справе, а за свае палітычныя перакананні і дзеянні, што і выклікала рэпрэсіі ў адносінах да іх. Апроч таго, гэта — адзіны шанец у Беларусі вызваліцца раней за тэрмін.

«Мы сцісла хацелі паказаць, хто такі Мікіта. Гэта звычайны хлопец, які не церпіць несправядлівасць і неабыякавы да лёсу сваёй краіны. Важны момант у тым, што ён атрымаў вельмі вялікі тэрмін менавіта за салідарнасць з тымі, кім цяпер сам і з'яўляецца. Вядома, многія праваабаронцы не ўхваляюць учынку з атакай фарбай у Мінскі гарадскі суд і кактэйлем молатава ў СІЗА-1. Аднак тут трэба разумець, да чаго і для чаго гэта робіцца. Мікіта Емяльянаў заявіў у судзе, што ў яго не было намеру наносіць вялікую шкоду СІЗА. Гэта была менавіта паказальная акцыя, што дзяржава правакуе людзей на гэта, фабрыкуючы крымінальныя справы і запакоўваючы апазіцыйных і сацыяльных актывістаў за краты», — падкрэсліваюць аўтары роліка.

Яны адзначаюць, што хочуць хоць неяк паўплываць менавіта на праваабарончую арганізацыю Amnеsty, бо яна мае вельмі вялікі ўплыў па ўсім свеце.


Нагадаем, судом Савецкага раёна Мінска ад 12 лютага 2020 года былі асуджаныя 19-гадовыя анархісты Мікіта Емяльянаў і Іван Комар на сем гадоў пазбаўлення волі кожны ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Хлопцаў прызналі палітвязнямі.

Падтрымаць іх можна, напісаўшы ім лісты на адрас: 222160, Жодзіна, вул. Савецкая, 22а, СТ-8.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: