Анархіст Уладзіслаў Машчук, які адбывае адміністрацыйны арышт у Баранавічах, аб'явіў галадоўку

Анархіст Уладзіслаў Машчук, які цяпер адбывае адміністрацыйны арышт у Баранавцкiм СIЗА нумар 6, аб'явіў галадоўку у знак пратэсту супраць затрыманняў, нязгоды з абвiнавачваннямi i недаверу да ўсёй прававой сiстэмы. Гэта ўжо трэці адміністрацыйны арышт актывіста за апошнія 2 месяцы.
Уладзiслаў пераследуецца ўладай за свае палiтычныя погляды. Як анархiст, ён змагаецца за грамадства, пабудаванае на прынцыпах самаарганiзацыi, роўнасцi i ўзаемадапамогi.

Першы раз Уладзіслаў быў літаральна выкрадзены супрацоўнiкамi ГУБАЗіК 2 кастрычніка ў раёне Акадэміі Навук у Мінску. Некалькі мужчын у цывiльным напалі на яго са спіны, надзелі кайданкі і запхнулі ў аўтамабіль Volkswagen Polo. Далей анархіста збівалі за тое, што ён адмаўляўся адказваць на пытанні супрацоўнікаў і разбіў свой тэлефон.

Пасля першага затрымання і арышту на 15 дзён ва Уладзіслава засталіся праблемы са здароўем, ён кульгаў.

Праз пару тыдняў на волі, 30 кастрычніка, актывiст зноў быў затрыманы. Гэтым разам Уладзіслаў з таварышамi i таварышкамi сустрэлiся у кафэ, каб падтрымаць свайго сябра Аляксандра Б., які толькі вызваліўся з-пад арышту на Акрэсцiна. Праз пэўны час у кафэ ўварвалася з дзясятак людзей у цывільным, як мяркуецца, супрацоўнікаў ГУБАЗіК, і брутальна затрымалі восем чалавек. Аднак на судзе засакрэчаныя сведкі, якія працуюць у органах, казалі, што маладыя людзі нібыта ўдзельнічалі ў пікеце па зусім іншым адрасе. А ўсе вiдэазапісы з камер у кафэ былi адразу ж выдаленыя пад ціскам супрацоўнікаў ГУБАЗіК.

Такім чынам, кампанія з 8 чалавек, у тым ліку Аляксандр Б., які паспеў правесці на свабодзе толькi некалькі гадзін, былі асуджаныя на 15 содняў.

Адміністрацыйны арышт меў скончыцца ў гэтую суботу, 14 лістапада, аднак на волю выйшлі толькі двое з васьмi затрыманых у кафэ людзей. Астатнім за паўгадзіны да вызвалення паведамілі аб паўторным затрыманні па новай адміністрацыйнай справе на падставе рапарту з ГУБАЗіК.

Суд адбыўся ў аўторак, 17 лістапада. Грунтуючыся на сведчаннях засакрэчанага супрацоўнiка мiлiцыi, суддзя Мікалай Кміта прысудзіў Марыне Кастылянчанка (журналістка і праваабаронца), Аляксандру С., Уладзiмiру Л. і Уладзіславу Машчуку па 15 содняў, а Наталлі С. І Марыі Ш. — 10 содняў нібыта за ўдзел у шэсці 25 кастрычнiка.

 Уладзіслаў — устойлівы і валявы чалавек, аднак падтрымка ў выглядзе лістоў і паштовак, а таксама агалоска яго галадоўкі, будзе яму вельмі прыемная.

Пісаць Уладзiславу можна па адрасе: СІЗА-6, г. Баранавічы, Брэсцкая вобласць, вул. Брэсцкая, 258В iнд 225413, Машчук Уладзiслаў Аляксандравiч (Мощук Владислав Александрович).

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: