Анархісты ў Мінску зладзілі акцыю ў падтрымку Паліенкі (фота, відэа)

Ля Мінскага гарадскога суда 16 кастрычніка прайшла акцыя ў падтрымку Змітра Паліенкі, якога мусяць судзіць тут заўтра.
Пра акцыю паведамляе адзін з анархісцкіх паблікаў у сацыяльных сетках.

Нагадаем, суд над сацыяльным актывістам Змітром Паліенкам пачнецца ў Мінскім гарадскім судзе ў чацвер, 17 кастрычніка. Пачатак у 10:30. Паседжанне будзе праходзіць у закрытым рэжыме.

Паліенку прад'яўленае абвінавачванне па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэкса: арт. 341 (псаванне маёмасці ў грамадскім месцы), ч.1 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці або розні па прыкмеце сацыяльнай прыналежнасці), арт. 369 (публічная абраза прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў) і ч. 3 арт. 339 (асабліва злоснае хуліганства).

Унікальнасць сітуацыі Змітра Паліенкі ў тым, што ўпершыню ў Беларусі артыкул 130 будзе ўжыты ў дачыненні да чалавека, які "абразіў" міліцыянта. 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!