Анатоль Бокун: Актывістаў судзілі ў той час, калі прадстаўнікі «Yara» былі ў Салігорску

Лідар страйкама ААТ «Беларуськалій» патлумачыў, чаму нязгодны з пазіцыяй, якую заняў «Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў» (БКДП), а таксама распавёў «Народнай Волі» пра нядаўні візіт прадстаўнікоў нарвежскай кампаніі на беларускае прадпрыемства.

Нарвежская кампанія «Yara» — адзін з буйнейшых сусветных пастаўшчыкоў мінеральных угнаенняў і адзін з ключавых кліентаў «Беларускай калійнай кампаніі». Апошнім часам кампанія з Нарвегіі імкнулася дасягнуць пазітыўных змен праз дыялог з кіраўніцтвам «Беларускай калійнай кампаніі» і «Беларуськалія».

Не так даўно страйкам «Беларуськалія» зноў звярнуўся да «Yara» з просьбай не падпісваць кантракт да выканання кіраўніцтвам прадпрыемства вылучаных страйкамаўцамі патрабаванняў.

А вось «Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў» (БКДП) заявіў, што ён зацікаўлены ў дзейнасці «Yara International» на беларускім рынку, бо кампанія з’яўляецца «ўзорам паводзін сацыяльна адказнай кампаніі».

«Пакуль нарвежская кампанія прысутнічае на рынку Беларусі, страйкамаўцы знаходзяцца ў бяспецы, — дадаў старшыня «Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў» Аляксандр ЯРАШУК. — Мая асабістая адказнасць палягае ў тым, каб заўтра страйкамаўцаў не арыштавалі і не кінулі за краты за тое, што яны заклікалі да скасавання кантракта. У такім выпадку, усіх сабак могуць павесіць на іх».

— Шчыра кажучы, мне незразумелая пазіцыя кангрэса, — кажа лідар страйкама ААТ «Беларуськалій» Анатоль БОКУН. — У той час, калі ад дэмакратычных прафсаюзных сіл хацелася б пачуць словы салідарнасці, мы бачым такія заявы. Абсалютна незразумела, чаму так адбываецца.

— У заяве БКДП сказана, што «Yara» — адзіная замежная кампанія, якая працуе ў Беларусі і ставіць перад беларускімі партнёрамі ў якасці умоў, неабходных для далейшага працягу супрацоўніцтва, «захаванне імі правоў чалавека і правоў працоўных»…

— Хачу адзначыць, што нарвежская кампанія не мае аніякіх рычагоў уплыву на кіраўніцтва «Беларуськалія».

— Аднак, паводле слоў Ярашука, «пакуль нарвежская кампанія прысутнічае на рынку Беларусі, страйкамаўцы знаходзяцца ў бяспецы». Магчыма, у гэтым ёсць сэнс?

— З 9 па 13 сакавіка на «Беларуськаліі» знаходзілася група нарвежскіх экспертаў па бяспецы працы, якія праводзілі аўдыт. А за два дні да прыезду нарвежцаў у Салігорску быў затрыманы актывіст нашага страйкама Аляксандр Новік, які ў парку дарыў жанчынам кветкі. У выніку яго асудзілі на 15 сутак. Да гэтага таксама было сілавое затрыманне страйкамаўцаў. Суды над нашымі актывістамі праходзілі ў той час, калі прадстаўнікі кампаніі «Yara» ужо знаходзіліся ў Салігорску.

Таму яшчэ раз хачу паўтарыць: нарвежская кампанія не мае дзейсных рычагоў уплыву на кіраўніцтва прадпрыемства і на гэты рэжым.

— Вы не спрабавалі выпрацаваць з Аляксандрам Ярашуком нейкую адзіную пазіцыю?

— Была сустрэча з кіраўніком БКДП і старшынёй «Беларускага незалежнага прафсаюза» Міхаілам Пазняковым, і мы выказалі сваю пазіцыю. Нам ніхто не патлумачыў, якія рычагі мае нарвежская кампанія, каб паўплываць на сітуацыю. Здаецца, знайшлі паразуменне, мы думалі, што атрымаем ад «Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў» салідарнасць, бо пераслед страйкамаўцаў працягваецца.

Таму мне абсалютна незразумелая пазіцыя БКДП. У гэтай сітуацыі арганізацыя Ярашука як бы адышла ў бок ад агульнага руху, хаця ў нас ёсць разуменне з усімі астатнімі дэмакратычнымі сіламі. Тыя нас падтрымліваюць, і мы рухаемся ў адным накірунку.

— Чым скончыўся візіт на «Беларуськалій» прадстаўнікоў «Yara»? Вы з імі сустракаліся?

— Не сустракаліся, хаця 1 лютага падчас гутаркі з генеральным дырэктарам нарвежскай кампаніі Свенсам Турэ Холзетэрам я прасіў яго, каб для аб’ектыўнасці ў аўдыт ўключылі хаця б аднаго прадстаўніка страйкама.

На жаль, нікога не ўключылі, але нам паабяцалі, што будзе яшчэ адна сустрэча з кіраўніцтвам нарвежскай кампаніі па відэасувязі. Маўляў, дыялог працягнецца.

— Пакуль яшчэ не вырашана, ці будуць нарвежцы падпісваць кантракт з «Беларуськаліем»?

— Дэталі перамоў, безумоўна, не агалошваюцца, але ёсць інфармацыя, што кантракт будзе пралангаваны, а падчас апошняга візіту ў Салігорск нарвежцы дамовіліся на больш нізкі кошт калійных угнаенняў. Хаця, безумоўна, мы не можам сказаць, што гэтая інфармацыя на 100 працэнтаў праўдзівая.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: