Анатоль Каханчык адмаўляецца перафарбаваць сваю бел-чырвона-белую хату

Хата незвычайнай расфарбоўкі — тры паласы ў колерах нацыянальнага сцяга на блакітным фоне — месціцца ў вёсцы Алёшча Полацкага раёна.

За 5 кіламетраў адсюль — расійская мяжа, і гаспадар хаты Анатоль Каханчык распавядае, што яму часта сігналяць машыністы цягнікоў, праязджаючы міма. Рэйкі праходзяць літаральна за 10 метраў ад яго хаты, і сам спадар Анатоль 38 год адпрацаваў на чыгунцы.

Аднак на мінулым тыдні яго звольнілі — якраз пасля арышту, які Анатолю Каханчыку давялося адбыць за парушэнне адміністрацыйнага артыкула 23.34: расфарбоўку хаты міліцыянты кваліфікавалі як несанкцыянаванае пікетаванне. З міліцыі ён атрымаў і папярэджанне, што будзе новы пратакол, калі хату не перафарбаваць. Але рабіць гэта гаспадар адмаўляецца:

— Гэта мая краіна, мая хата і мой сцяг. Чаму я павінен нешта зафарбоўваць? Перафарбоўваць я нічога не буду. Казалі: «Мы зноў да цябе прыедзем і зноў пратакол напішам». Ды калі ласка, прыязджайце! Сказалі: «Мы самі зафарбуем». Кажу: “Калі вы зафарбуеце, я зноў усё аднаўлю. А каб яна была зафарбаваная, вам давядзецца трымаць мяне за кратамі.

Анатоль Каханчык — даўні сябар Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ. Бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня» аздабляюць інтэр’ер яго хаты і знутры.

На судзе Анатоль Каханчык заявіў, што адданы нацыянальнаму сцягу яшчэ і з рэлігійных перакананняў, бо белы і чырвоны колеры ўвасабляюць цела і кроў Хрыста. А «Пагоню», якая вісіць на акне, Анатоль Каханчык намаляваў сам. І кажа, што ні разу не чуў ад аднавяскоўцаў нараканняў на «недазволеную сімволіку».


www.racyja.com


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: