Анатоль Лябедзька: Людзі прагнуць пераменаў

Найбольш уражваюць нават не кандыдаты, а выбаршчыкі. А ўлада дэманструе выключна старыя падыходы, лічыць Анатоль Лябедзька.



“Велізарная колькасць грамадзянаў прыйшлі падпісацца за Святлану Ціханоўскую і іншых альтэрнатыўных кандыдатаў і ў Мінску, і ў іншых гарадах Беларусі. І гэта радуе”, — кажа дырэктар цэнтру “Еўрапейскі дыялог” Анатоль Лябедзька.

“Такой колькасці людзей, як прыйшлі ў нядзелю да Камароўскага рынку ў Мінску, а таксама ў іншых гарадах, я за сваё палітычнае жыццё не бачыў”, — прыгадвае палітык:

— Людзі прагнуць пераменаў, ім ужо не вельмі істотнае нават прозвішча, хаця, канешне, большая канцэнтрацыя там каля Ціханоўскага, але людзі гавораць: “Нам патрэбны перамены, мы хочам выбіраць”. Гэтага ніколі не было, раней людзей можна было прыцягнуць толькі размовамі пра “шкварку і чарку”, а цяпер людзі разумеюць, што трэба змяняльнасць улады, свабодныя, сумленныя выбары. Я думаю, наспеў час для нейкіх рэальных пераменаў. Як выйдзе ўлада з гэтай сітуацыі, з гэтага тупіка, сказаць складана таму, што людзі рашучыя, гадзінамі стаяць, каб проста паставіць подпіс. Гэта супер, я проста рады за людзей.

Па словах Анатоля Лябедзькі, яго найбольш уражваюць нават не кандыдаты, а выбаршчыкі. А ўлада дэманструе выключна старыя падыходы. Яна робіць тое, што рабіла апошнія 26 гадоў, затрымаць, схапіць, засунуць кляп у рот.

“Але я не перакананы, што гэта эфектыўна. Такія паводзіны ўлады людзей яшчэ больш раздражняюць”, — кажа Анатоль Лябедзька.

Беларускае Радыё Рацыя

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: