Анатоль Лябедзька: Немагчыма ўявіць Фядуту, які вядзе Колю Лукашэнку ў склеп

Беларускі палітык, кіраўнік цэнтра «Еўрапейскі дыялог» Анатоль Лябедзька ў інтэрв'ю расійскаму выданню «Маскоўскі камсамолец» выказаў сваё бачанне гісторыі пра змову Фядуты, Зянковіча і Кастусёва.
Скрын АНТ

Скрын АНТ

— Што вы думаеце з нагоды «ваеннай змовы», нібыта раскрытай сілавікамі?

— Мне, як і большасці беларусаў цяпер, і смешна, і страшна. Відавочна, што ў беларускай улады сапраўды быў запыт на падобны сцэнар. Прыхільнікам перамен гэта зусім ні да чаго. Камандзе Святланы Ціханоўскай гэта толькі на шкоду. Калі казаць пра зацікаўленых асоб, то гэта беларускія ўлады і сілавыя структуры.

— Дык што ж гэта было?

— Зразумела, што гэта была спецаперацыя, і арганізатары гэтага «ваеннага перавароту» — людзі, якія сядзяць у сілавых структурах. А ўсе гэтыя літаратуразнаўцы і палітыкі аказаліся проста ахвярамі. Хтосьці праявіў наіўнасць, у кагосьці разгуляліся амбіцыі. Яны пешкі ў гэтай гульні.

— Дык вы лічыце, што змова рэальная? Хтосьці ў сілавых структурах сапраўды хацеў скінуць Лукашэнку?

— Не, гэта інсцэніроўка. Гэтая аперацыя з пачатку і да канца распрацоўвалася беларускімі спецслужбамі. Думаю, Лукашэнка быў пасвечаны ва ўсе яе дэталі. Быў заказ: як зрабіць так, каб перакласці частку адказнасці за тое, што адбываецца, на апазіцыю? Канкрэтная рэалізацыя была ўскладзена на спецслужбы. Ваенная змова — гэта самае лепшае, што яны змаглі прыдумаць. Але калі мы паглядзім на магчымых выканаўцаў, то нічога, акрамя смеху, гэта выклікаць не можа. А вось пры думцы аб тым, што з імі зараз можа адбыцца, становіцца страшна.

— Але калі гэтыя людзі так лёгка паддаліся на правакацыю, то не выключана, што нейкія такія думкі ў іх галовах, хай у падсвядомасці, усё ж выспявалі? Што гэта за людзі і ці падыходзяць яны на ролю «змоўшчыкаў» па сваім псіхалагічным складзе?

— Перакананы, што гэтыя людзі абсалютна непрыдатныя для ролі тэрарыстаў. З Рыгорам Кастусёвым адыграла злы жарт тая акалічнасць, што ён узначальвае «Беларускі Народны фронт». Гэтая палітычная структура пазіцыянуе сябе як нацыянал-дэмакраты.

Доўгі час БНФ быў пудзілам як унутры краіны, так і за яе межамі. Але з часам адбылася эвалюцыя, і цяпер Кастусёў — адзін з найменш радыкальных палітычных дзеячаў Беларусі.

У 2010 годзе ён быў удзельнікам прэзідэнцкай кампаніі і быў адным з нямногіх, хто пазбег «амерыканкі» — СІЗА КДБ. Гэта звязана і з яго асобаснымі характарыстыкамі. Чалавек асцярожны па жыцці, «заточаны»  на кампрамісы. Яго прысутнасць там — гэта наогул нейкая палітычная шызафрэнія. Ён — адзін з нямногіх лідараў палітычных партый Беларусі, які меў доступ на беларускае ТБ.

Што тычыцца Аляксандра Фядуты, то ён у 2010 годзе адсядзеў у «амерыканцы», але таксама ніколі не адрозніваўся радыкальнымі заявамі. Ён заўсёды быў стрыманым і ў дачыненні да Расіі, і ў дачыненні да ўнутрыпалітычных падзей.

Юрый Зянковіч — чалавек менш публічны, ён даўно з'ехаў у Амерыку, адзін час актыўна абараняў беларускую ўладу як абаронцу суверэнітэту краіны. Апошнім часам ён крытыкаваў Ціханоўскую. Амбіцыі ў яго былі, але асаблівай вагі ў беларускай палітыцы ў яго няма.

— У дадзеным выпадку гаворка ж не пра палітыку, а проста пра сілавыя дзеянні. Ці здольныя яны на такое?

— Не. Яны маглі ў сілу якіх-небудзь прычын «клюнуць» на апавяданні аб тым, што ёсць нейкі сцэнар, за якім стаяць беларускія генералы-патрыёты, і абмяркоўваць гэта.

Але проста немагчыма ўявіць, напрыклад, як Фядута вядзе Мікалая Лукашэнку ў нейкі склеп. Гэта скажа любы, хто хоць трохі яго ведае. Таму ў Беларусі гэтая версія не пракоціць. Цяпер многія ўспамінаюць Лёзна, дзе ў 1994 годзе адбыўся замах на Лукашэнку, які некаторыя лічаць самастрэламі. Але тады ён ішоў уверх, ён набіраў вагу як палітык. І той замах даў яму дадатковыя галасы на выбарах. А цяпер ён плюхнуўся на дно, яго карабель разваліўся і больш не ўзляціць. Цяпер іншая гістарычная эпоха, у народа іншыя чаканні.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: