Анатоль Сідарэвіч пра епіскапа Веніяміна: «от плод их познаете их»

Святы Сінод Рускай праваслаўнай царквы на пасяджэнні ў аўторак у Маскве прызначыў Патрыяршым экзархам усяе Беларусі, мітрапалітам Мінскім і Заслаўскім епіскапа Барысаўскага і Мар’інагорскага Веніяміна. Ці варта чакаць нечага новага ад новага кіраўніка БПЦ, разважае Анатоль Сідарэвіч.

Пра тое, што Сінод РПЦ зняў Паўла і на яго месца паставіў Веніяміна, я пачуў у дарозе. Потым быў час пачытаць каментары айца Андрэя Кураева і айца Аляксандра Шрамко.

Тое, што Павел быў па паходжанні чужынцам, не бяда. Быў чужыцам па духу і недалёкі розумам. І, як выявілася, слабавольны. Пасля ўладыкі Філарэта ён глядзеўся, як правінцыял. Яго і паслалі на правінцыю. Ці прыжывецца Кубані — пытанне.

Тое, што на мінскую кафедру прызначаны беларус, добра. У найноўшы час створаны прэцэдэнт. Але ці трэба радавацца? На мінскай кафедры ў ХІХ стагоддзі сядзелі «іуды ў Хрысце» Антоній Зубко і Міхаіл Галубовіч, якія верна служылі пецябругскаму Сіноду.

Веніямін, прачытаў я, адукаваны. Так, на факультэце радыёфізікі БДУ ў маю пару вучылі добра. Не ведаю, як цяпер. Што тычыцца багаслоўскай адукацыі... Хіба што ўладыка Веніямін дабіраў самаадукацыяй, бо не думаю, што Мінская духоўная семінарыя і не названая ў біяграме новага экзарха акадэмія даюць лепшыя веды, чым універсітэт імя Арыстоцеля ў Салоніках ды Цюбінгенскі ўніверсітэт у Нямеччыне. У Беларускім экзархаце гэтыя абедзве ўстановы скончыў толькі адзін епіскап — Серафім Бабруйскі і Быхаўскі.

Веніямін, кажуць нам, аскет і малітвеннік (у беларусаў малітвеннік — чалавек, а не кніжка; кніжка — малітоўнік або, як некаторыя любяць казаць, малітаўнік).

Кажуць, што Веніямін — несцяжацель. Гэта таксама добра. Але... Рэпутацыю сапраўднага манаха меў былы мітрапаліт Кіеўскі і ўсяе Украіны Ануфрый (для двух першых сярод праваслаўных патрыярхаў, Канстанцінопальскага (Усяленскага) і Александрыйскага, а таксама для Эладскай Царквы ён ужо не мітрапаліт). Дыякан Андрэй Кураеў вельмі хваліў Ануфрыя за аскезу і несцяжацельства. Пазней выявілася, што ў манаха Ануфрыя нішто сабе асабнячок на Букавіне. А прамаскоўская палітыка ўкраінца Ануфрыя агульнавядомая. Тое, што ён не ўстаў, калі ў Радзе ўшаноўвалі памяць загінулых абаронцаў Украіны, прамовіла пра ўкраінца і манаха Ануфрыя больш, чым трэба.

Следам за а. Аляксандрам Шрамко скажу: не радуйцеся, бо Веніямін прызначаны не без згоды дзядзькі Лу. Пачакайце. І памятайце напісанае ў адной кнізе: от плод их познаете их.

І яшчэ адно. Веніямін яшчэ не мітрапаліт. Яго яшчэ не ўзвялі ў гэты сан, яму на галаву яшчэ не надзелі белы клобук. Ён яшчэ ходзіць з чорным епіскапскім клобукам, нават без крыжыка (чорны клобук з крыжыкам на лбе — для архіепіскапаў). Гэта я ўчора тлумачыў аднаму таварышу з НН. Зазірніце на афіцыйны сайт РПЦ: Веніямін — епіскап Мінскі і Заслаўскі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі. Вучыце эклесіялогію і кананічнае права, пані і панове. І царкоўны дрэс-код таксама.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: