Андрэй Бандарэнка выйшаў на сувязь

Нарэшце прыйшоў ліст ад праваабаронцы і вязня сумлення Андрэя Бандарэнкі. Ён нейкім цудам здолеў прабіцца скрозь цэнзурнае сіта турмы №4. Тры папярэднія лісты «згубіліся» ў дарозе.


Як піша Бандарэнка, лісты ад яго не прапускаюць, спасылаючыся на іх «цынічны характар». На думку турэмных цэнзараў, «цынізмам» з’яўляецца тое, што ён піша пра свой побыт і новы крымінальны пераслед. Пры гэтым у парадку рэчаў тое, што яму збіраюцца дадаць два гады турмы літаральна ні за што.

Табу накладзена, па сутнасці, на ўсю выходную карэспандэнцыю. Да гэтага часу Бандарэнка не ведае, хто з адрасатаў атрымаў яго лісты. Варта зазначыць, што гэтую вестку ад вязня я атрымаў пасля паўзы, якая цягнулася аж з лістапада 2016 года. Напэўна, газета — адзіны сродак паведаміць праваабаронцу пра атрыманне альбо неатрыманне ліста. (Між іншым, Бандарэнка адзначае, што атрымаў ліст ад «Новага Часу» і своечасова адказаў. Але гэтага адказу ў рэдакцыі пакуль не дачакаліся. — НЧ).

Цяпер мы ведаем, што рыхтуецца (дакладней, фабрыкуецца) судовы працэс па абвінавачванні Бандарэнкі ў злосным непадпарадкаванні патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы. Верагодна, ён пройдзе ў канцы лютага. Суд павінен быць адкрытым, але для абмежавання наведвання яго месцам правядзення працэсу можа быць прызначаная турма №4. Бандарэнка запрашае ўсіх праваабаронцаў, журналістаў, сваіх знаёмых, а таксама міжнародных экспертаў прыняць удзел у працэсе.

За той жа перыяд я атрымаў аж тры лісты ад Міхаіла Жамчужнага, які называе сябе «змоўшчыкам» Андрэя Бандарэнкі. Ён звяртаецца да мяне як да адзінага легітымнага суддзі Беларусі і просіць узяць «пад кантроль» яго крымінальную справу ў звязку са справай Бандарэнкі. Свае вялізныя лісты Жамчужны называе «нагляднымі скаргамі» і пазначае іх нумары.

Жамчужны тлумачыць вытокі яго крымінальнага пераследу. Ён звязвае іх з эканамічнымі махінацыямі, якія здзяйсняліся вядомымі яму людзьмі на тэрыторыі Віцебскай вобласці. Праваабаронца паспрабаваў у свой час даводзіць гэтыя махінацыі да агульнага ведама, за што пацярпеў ад праваахоўных органаў.

Мне ўяўляецца, што яго інфармацыя заслугоўвае грамадскай увагі, як і абставіны сфабрыкаванай супраць яго крымінальнай справы.

Я пагадзіўся быць «суддзёй» у справе Жамчужнага і Бандарэнкі незалежна ад тэрмінаў даўнасці. Ісціна і справядлівасць павінны быць адноўленыя.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: