Андрэй Дынько: У пандэміі галоўнае — ператрываць некалькі самых складаных месяцаў

Каронавірус не стварае пагрозы новага таталітарызму ў краінах свабоднага свету. Пандэмія скончыцца, абмежаванні адменяць, бо на іх няма попыту ў грамадстве. Пагроза таталітарызму ідзе з іншага боку, — распавёў галоўны рэдактар часопісу «Наша гісторыя» Андрэя Дынько «Свабодзе».

«Свабода» задала вядомым беларускім інтэлектуалам некалькі пытанняў пра антрапалагічны сэнс пандэміі, пра тое, як яна ўжо змяніла і яшчэ зменіць Беларусь, свет і чалавека.

Сёння прапануем вашай увазе адказы галоўнага рэдактара часопісу «Наша гісторыя» Андрэя Дынько.

Сцісла:

Лукашэнка — закладнік уласнай неінфармаванасці і ўласнаручна створанага сабе іміджу «мудрага кіраўніка, які ніколі не памыляецца»

Калі адказ на пандэміі на Захадзе будзе неэфектыўны, а ў Кітаі — эфектыўны, то Кітай з яе выйдзе ўзмоцнены, а Захад — аслаблены

У сітуацыі крызісу людзі ва ўсіх краінах яднаюцца вакол улады — калі бачаць яе эфектыўнасць, нават адкідаюць ранейшыя ідэалагічныя рахункі

Далей прыйдуць вакцыны і лекавыя сродкі, гэта пытанне не гадоў, а месяцаў. Галоўнае цяпер — выйграць час

Мы назіраем цынічныя паводзіны прапагандысцкага апарату аўтарытарных рэжымаў, якія спрабуюць маніпуляваць людзьмі і ў гэтай драматычнай сітуацыі

У любых крытычных сітуацыях патрэбныя жорсткая дысцыпліна і самаабмежаванні

 

— Бі-Бі-Сі паведаміла пра жахлівую дылему, перад якой паўсталі дактары ў Італіі. Тамтэйшая медыцына не спраўляецца з патокам хворых. І дактары кажуць, што давядзецца рабіць суровы выбар — вырашаць, каго лячыць. Пры тым, што лячэнне па сутнасці паліятыўнае, вылечыць ад каронавірусу сучасная медыцына не можа нікога. Адзін з варыянтаў — не лячыць старых хворых, сярод іх і так высокая смяротнасць ад пандэміі. Маўляў, лепш дапамагаць тым, хто маладзейшы, хто мае шанцы на выжыванне. Нечалавечае рашэнне. Але іншае — лячыць тых, хто трапіў у шпіталь першым. Яно прынамсі нерацыянальнае. У выніку памрэ больш людзей. Таксама нечалавечае. Ці Яго Вялікасць рынак мусіць вызначаць — хто здольны больш заплаціць, таго і лячыць. Што выбраць? Што азначае гуманнасць у гэтай сітуацыі?

— Я не маю адказу на гэтае пытанне. Вырашаць тут павінны спецыялісты па медычнай этыцы.

— Беларускія ўлады многія ганяць за тое, што яны не ўжываюць рашучых, радыкальных, дыктатарскіх захадаў супраць пандэміі. Многія папракаюць Лукашэнку — маўляў, дзейнічае, як савецкія ўлады пасля Чарнобылю, абы не было панікі, не трэба драматызаваць. Але з іншага боку, ён цяпер адстойвае прынцыпы, якія адстойваў заўсёды цывілізаваны свет — адкрытасць, у тым ліку і адкрытасць межаў, адсутнасць жорсткай рэгламентацыі жыцця. У гэтым няма пэўнага парадоксу? Можа, ён і мае рацыю?

— У Мінску ходзяць размовы, што міністр аховы здароўя выступае за больш рашучыя абмежаванні, каб спыніць пандэмію. А Аляксандр Лукашэнка яго стрымаў. Думаю, дзеянні Аляксандра Лукашэнкі маюць як рацыянальную, так і ірацыянальную аснову.

Лукашэнка зацыклены на эканамічнай эфектыўнасці (як ён яе разумее) і на армейскай дысцыпліне, лічыць апошнюю асновай паспяховага функцыянавання грамадства. Яму цяжка прыняць перспектыву абмежавання вытворчасці, спынення навучальнага працэсу дзеля супрацьстаяння пандэміі, якая Беларусь зачапіла толькі нязначна. Гэта тыповы прыклад абмежаванага эканамічнага мыслення, калі пагоня за сённяшнім прыбыткам прыносіць несувымерныя страты ў будучыні. На гэтым пагарэў і СССР — ад Чарнобылю да неэфектыўных інвестыцый у аграрны сектар.

З другога боку, ён — закладнік уласнай неінфармаванасці. Ён ад пачатку трымаўся пашыранага ў пэўных колах меркавання, што каронавірус — гэта нешта кшталту звычайнага сезоннага грыпу, а паніку вакол яго раздзімаюць фармацэўтычныя кампаніі (для прыбытку) і СМІ (у сілу самараздзімання). Але сітуацыя ў краінах Еўрасаюза паказала, што гэта не так, што Сусветная арганізацыя здароўя не падманвала, што пагроза рэальная.

Лукашэнку, аднак, стала цяжка прызнаць сваё поўнае ранейшае неразуменне сітуацыі. Ён стаў закладнікам уласнаручна створанага сабе іміджу «мудрага кіраўніка, які ніколі не памыляецца».

— Ці не кідае каронавірус свет у новы таталітарызм? Прычым кідае ў яго не іншаземны захопнік — самі грамадствы, самі ўлады, у тым ліку і самых дэмакратычных краінаў усталёўваюць такія абмежаванні свабоды, якія ўласцівыя хіба Паўночнай Карэі. Дзяржава — закрый, дзяржава — абмяжуй, дзяржава — забарані — сёння гэта не мара купкі экстрэмістаў, а запыт грамадства. Калі некалі пандэмія скончыцца, ці не застануцца ўсе гэтыя абмежаванні?

— Не, каронавірус не стварае пагрозы новага таталітарызму ў краінах свабоднага свету. Пандэмія скончыцца, абмежаванні адменяць, бо на іх няма попыту ў грамадстве. Пагроза таталітарызму ідзе з іншага боку. Калі адказ на пандэмію на Захадзе будзе неэфектыўны, а ў Кітаі — эфектыўны, то Кітай з яе выйдзе ўзмоцнены, а Захад — аслаблены. Гегемонія таталітарнага Кітаю — вось галоўная пагроза свабодзе. Не трэба баяцца жорсткіх часовых абмежаванняў. Мы — на вайне, хоць вораг нябачны.

— Цяпер па ўсім свеце закрываюць межы. Закрываюць іх нават унутры Еўрасаюза, дзе яшчэ нядаўна іх не было. А аказваецца ёсць, аказваецца, тут ёсць свае, якіх трэба ратаваць, і суседзі, чужыя. Нацыянальнае і ў гэтым перамагае, пераважае?

— Аказваецца, дзяржавы ўсё яшчэ існуюць! Але гэта не пярэчыць выгаднасці раўнапраўнай еўраінтэграцыі. Мы ўжо бачым, як аб’яднанне сродкаў краін Еўропы палягчае пераадоленне наступстваў панікі ў эканоміцы.

— Сучасныя секулярызаваныя людзі, і не толькі ў Беларусі, абвінавачваюць, лаюць уладу за тое, што яна, на іх погляд, нешта не так робіць падчас пандэміі. Але ці вінаватая яна? А можна тут нешта кардынальнае, істотнае зрабіць у прынцыпе? Вакцыны, леку ад каронавірусу няма. Вось Ангела Меркель — лідар свабоднага свету — кажа: у Нямеччыне захварэе 60–70 %. Можа тут дарэчна адно маліцца, а не абвінавачваць таго, хто такі ж бездапаможны, як і просты люд?

— У сітуацыі крызісу людзі ва ўсіх краінах яднаюцца вакол улады — калі бачаць яе эфектыўнасць, нават адкідаюць ранейшыя ідэалагічныя рахункі. Разам з тым любы крызіс падсвечвае бяздарнасць бяздарных кіраўнікоў.

Цікавая інфармацыя — «Ісламская дзяржава» абвясціла, што прыпыняе тэрарыстычныя напады. Можа, выклік каронавірусу жахлівай цаною зробіць усё ж свет больш чалавечным, спыніць войны, нагадае людзям, што ў іх адзін лёс на нашым шарыку?

— Калі і нагадае, то ненадоўга. Людзі схільныя хутка забываць — і добрае, і кепскае.

— Некаторыя мяркуюць, што пандэмія праз пару месяцаў пойдзе на спад, што хутка знойдуць вакцыну. А калі не? Ці чакаюць нас войны ўсіх супраць усіх за медычную дапамогу, за апарат штучнай вентыляцыі лёгкіх, за маску, за рулон туалетнай паперы?

— Пандэмія не будзе доўжыцца так доўга. Галоўнае — ператрываць некалькі самых складаных месяцаў. Далей прыйдуць вакцыны і лекавыя сродкі, гэта пытанне не гадоў, а месяцаў. Гэта гонка на апераджэнне. Галоўнае цяпер — выйграць час. Але выбухі псіхозу, крызісы могуць здарацца — чалавецтву будзе цяжка захоўваць рацыянальнасць, калі дзясяткі тысяч людзей будуць паміраць штодзень. А такі сцэнар не выключаны, і гэта можа здарыцца ўжо праз месяц.

— Якая роля СМІ і сацыяльных сетак у цяперашнім крызісе каронавіруса? Праўда ратуе людзей або ўмацоўвае, раздзімае паніку? А эсхаталагічныя фэйкі — ці не тоне ў іх праўда?

— Якасныя СМІ ў развітых краінах, у тым ліку незалежныя СМІ ў Беларусі, выдатна працуюць у гэтай цяжкай сітуацыі. Дзякуючы ім грамадствы маюць поўную карціну таго, што адбываецца. Разам з тым мы назіраем і цынічныя паводзіны прапагандысцкага апарату аўтарытарных рэжымаў, якія спрабуюць маніпуляваць людзьмі і ў гэтай драматычнай сітуацыі.

Які антрапалагічны досвед вялікіх беларускіх катастрофаў ХХ стагоддзя — Другой сусветнай вайны і Чарнобылю — можа быць скарыстаны, будзе скарыстаны, якім ужо карыстаюцца беларусы ў крызісе каронавірусу? Тады выжывалі так — і цяпер будуць выжываць гэтак сама? А як?

— У любых крытычных сітуацыях патрэбныя жорсткая дысцыпліна і самаабмежаванні. Яны ратуюць тваю супольнасць і павялічваюць шанцы на выжыванне цябе і тваіх блізкіх. А з другога боку, патрэбны здаровы скептыцызм адносна таго, што дэкларуюць улады.

 


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: