Андрэй Дзмітрыеў пра ліквідацыю «Гавары праўду»: Мы будзем змагацца за нашу арганізацыю

Улады спрабуюць знішчыць яшчэ адну вядомую грамадскую арганізацыю.


Сустаршыні ГА «Гавары праўду» прапанавалі Мінюсту перагледзець прадмет пазову да арганізацыі і замяніць патрабаванне аб ліквідацыі на прыпыненне дзейнасці. Пра гэта Андрэй Дзмітрыеў і Таццяна Караткевіч паведамілі ў эфіры канала Дзмітрыева, піша «Салідарнасць».

Напярэдадні Мінюст падаў пазоў аб ліквідацыі ГА «Гавары праўду» ў Вярхоўны суд. Ён будзе разглядацца 5 кастрычніка.

— Цягам дзесяці гадоў мы займаліся тым, што дапамагалі людзям удзельнічаць у грамадскім жыцці і палітыцы, распавядаць пра свае праблемы, дамагацца іх развязання. І ўсё гэта сёння хочуць «закатаць» і падмяніць «правільнымі структурамі». Але я ўпэўнены, што падобнага роду дзеянні негатыўна адаб'юцца на будучыні нашай краіны. Мы і так бачым сёння каласальнае зніжэнне ўзроўню даверу грамадзян да дзяржаўных інстытутаў, і яно будзе працягвацца, — адзначыў сустаршыня арганізацыі Андрэй Дзмітрыеў.

Ён удакладніў, што выяўленыя Мінюстам парушэнні, адсутнасць юрыдычных адрасоў у некалькіх рэгіянальных філіялаў ГА, не з'яўляюцца сур'ёзнымі і былі аператыўна ліквідаваныя. Тым не менш на станоўчы зыход суду, які павінен адбыцца, лідары грамадскай арганізацыі не разлічваюць.

— Я думаю, што нас пазбавяць рэгістрацыі, як і ўсе астатнія НДА. Але арганізацыя, перш за ўсё, — гэта людзі, таму я б не гаварыла пра ліквідацыю, — адзначыла Таццяна Караткевіч. — Гэта спроба ўлады выключыць людзей з дыялогу. Але ў гэтым няма ніякага сэнсу, таму што гэта азначае спыніць развіццё. І гэта сапраўды затармозіць у нейкім сэнсе грамадства і не дасць магчымасці рухацца наперад.

Дзмітрыеў таксама назваў знішчэнне грамадзянскай супольнасці адной з падстаў для ўзмацнення заходніх санкцый.

— Дыялогу паміж тымі, хто з усім згодны, не бывае. «Праўду» можна ліквідаваць як арганізацыю, але нельга ліквідаваць як імкненне людзей да таго, каб жыццё вакол было справядлівым.

У любой краіне інструментам удзелу грамадзян у грамадскім жыцці з'яўляюцца грамадскія арганізацыі, а ў палітычным жыцці — палітычныя партыі і выбары. Але мы бачым, што гэтыя інструменты (у Беларусі) заганяюцца ў вельмі вузкі калідор лаяльнасці, стоадсоткавай падтрымкі ўлады. Мы, безумоўна, будзем змагацца за «Гавары праўду», — адзначыў Дзмітрыеў.

У выпадку, калі арганізацыю ліквідуюць, яе лідары маюць намер адразу ж сабраць ўстаноўчы з'езд для стварэння новай арганізацыі.

Нагадаем, тройчы прадстаўнікі ГА «Гавары праўду» ўдзельнічалі ў прэзідэнцкіх выбарах.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: