Андрэй Елісееў: У Беларусі ўжо дзейнічаюць асобныя элементы надзвычайнага становішча

У нашай краіне дзейнічаюць асобныя элементы надзвычайнага становішча, хоць намінальна яго не ўводзілі. Рэзкае закрыццё мяжы на ўезд ужо дакладна не звязана з каронавірусам. Пра грамадскае здароўе ўлады не асабліва клапоцяцца, як паказала яшчэ першая хваля эпідэміі, адзначае thinktanks.by



Больш высокая, чым звычайна, смяротнасць у красавіку-чэрвені 2020 года склала каля 6,7 тысяч чалавек. Пра гэта піша заснавальнік EAST-цэнтра, палітолаг Андрэй Елісееў на сваёй старонцы ў Facebook.

Ды і не прымаюцца так рашэнні. Пра гэта хаця б за суткі паведамляюць грамадскасці. Да таго ж аэрапорт працягвае працаваць. Фактычна, у Беларусі ўводзяцца дадатковыя элементы надзвычайнага становішча ў асобных рэгіёнах краіны.

Цяпер, прызначыўшы Караева, Вакульчыка і Барсукова памочнікамі, ім фактычна адвялі ролю заградатрадаўцаў і наглядчыкаў за вертыкальшчыкамі па Брэстчыне, Гродзеншчыне і Мінску. І, мяркуючы па ўсім, і ролю камендантаў гэтых тэрыторый, нават без фармальнага ўвядзення рэжыму надзвычайнага становішча.

Згодна з законам «Аб надзвычайным становішчы», камендант вызначае асаблівы рэжым уезду на тэрыторыю, на якой уведзена надзвычайнае становішча, i выезду з яе.

Можна разглядаць у якасці элементу надзвычайнага становішча таксама заяўленую ініцыятыву з арганізацыяй Узброеных парамілітарных структур («народных дружын») з ліку былых вайскоўцаў. Дакладней, у самім Законе «Аб надзвычайным становішчы» ні пра якія парамілітарныя структуры, зразумела, не гаворыцца (толькі сілы і сродкі органаў унутраных спраў, дзяржбяспекі, унутраных войскаў і МНС). Гаворка ідзе пра бязмежны і незаконны тып надзвычайнае становішча.

А, згодна з законам, каб задзейнічаць Закон «Аб надзвычайным становішчы», кіраўніку варта было б падпісаць указ з выразным пералікам абгрунтаванняў неабходнасці яго ўвядзення, сіл і сродкаў для яго забеспячэння, тэрміну дзеяння і іншае.

Пры жаданні, ён мог бы спаслацца альбо на каронавірус, альбо на «беспарадкі» (Артыкул 3 Закона), або на тое і іншае.

Указ «Аб надзвычайным становішчы» па законе павінна таксама зацвердзіць верхняя палата парламента. Яе кіраўнік — Наталля Качанава, дарэчы, на сённяшняй сустрэчы з Караевым, Вакульчыкам, Барсуковым была, а вось кіраўнік прэзідэнцкай адміністрацыі Сяргеенка чамусьці адсутнічаў.

З іншага боку, нейкія ўказы — гэта для АГЛ проста фармальнасць. У Беларусі і так ужо які месяц дзейнічаюць асобныя элементы надзвычайнага становішча без намінальнага яго ўвядзення, без усялякіх указаў і скліканняў сенатараў. І гэта ўсё дзейнічае проста на падставе вербальных загадаў, як сёння зноў адбылося.

Паказальная адна з фразаў, што адрасавалася Караеву і Вакульчыку: «Дэсантна-штурмавая брыгада ў Брэсце на гэта арыентаваная па законе. І велізарная мотастралковая брыгада разгорнутая ў Гродна. Гэта апора ваша і сілавікоў, губернатараў там. Сілавы складнік. Я гэта адкрыта кажу і не хаваю. Усе павінны гэта разумець».

Фактычна, славесным загадам абыходзіцца артыкул 20 Закона «Аб надзвычайным становішчы», у якім гаворыцца, што «пры ўвядзенні надзвычайнага становішча на ўсёй тэрыторыі Рэспублікі Беларусь усе войскі і воінскія фарміраванні перадаюцца ў аператыўнае падпарадкаванне дзяржаўнаму органу, які вызначаецца прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь».

Такім чынам, Вакульчык, Караеў і Барсукоў прызначаныя своеасаблівымі камендантамі па Брэстчыне, Гродзеншчыне і Мінску нават без фармальнага задзейнічання закона «Аб надзвычайным становішчы».


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: