Андрэй Ягораў: Чуткі пра смерць грамадзянскай супольнасці ў Беларусі перабольшаныя

Чаму апазіцыя Беларусі дагэтуль настолькі раз’яднаная?

Здаровым скепсісам такога пытання завяршылася прэс-канферэнцыя Каардынацыйнай рады, прысвечаная новаму інстытуту прадстаўнікоў, які быў створаны нядаўна пры самой радзе.

Удзельнікі сустрэчы падкрэслілі немагчымасць яднання сіл супраціву рэжыму Лукашэнкі, аднак распавялі, навошта ў радзе ўвялі пазіцыю прадстаўнікоў і прэзентаваі праграмы па ключавых напрамках развіцця.

Вольга Кавалькова, прадстаўніца Каардынацыйнай рады па развіцці чалавечага капіталу, кажа:

— У Каардынацыйнай рады ёсць прызнаная міжнародная суб’ектнасць, мы прызнаны як прадстаўнічны орган беларускага грамадства Еўрапейскім парламентам і Кангрэсам ЗША. Інстытут прадстаўніцтва — інстытут, які ўзнік у гэтым месяцы, каб экспертыза сябраў Каардынацыйнай рады транслявалася і дапамагала як супольнасцям унутры Беларусі, так і на міжнароднай арэне.

Прадстаўнік Каардынацыйнай рады ў сферы грамадзянскай супольнасці Андрэй Ягораў агучыў бягучы стан грамадства у Беларусі:

— Ліквідаваныя ці знаходзяцца ў працэсе ліквідацыі толькі паводле адкрытых крыніц 186 грамадскіх арганізацый. Гэта самая масавая зачыстка грамадзянскай супольнасці з 1999 года, калі дзяржава таксама масава перарэгістравала грамадскія аб’яднанні і ліквідавала дзясяткі з іх. Большасць людзей, якія ўдзельнічалі ў дзейнасці грамадзянскай супольнасці, застаюцца ў Беларусі і працягваюць дзейнічаць. Чуткі пра смерць грамадзянскай супольнасці ў Беларусі перабольшаныя, яна будзе працягваць актыўнасць, нягледзячы на ўмовы, якія ствараюцца гэтым рэжымам.

Паводле слоў удзельнікаў прэс-канферэнцыі, інстытут прадстаўніцтва дае мажлівасць захаваць эфектыўных менеджараў, якія былі вымушаны пакінуць Беларусь. На дадзены момант у Каардынацыйнай радзе абраныя прадстаўнікі па напрамках бізнэсу, «Усходняга партнёрства», палітычных зняволеных, культуры, спорту ды іншых. Плануецца, што свае праграмы менеджары рэалізуюць на працягу шасці месяцаў.

 «Беларускае Радыё Рацыя»

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: