Андрэй Ягораў: Народны ўльтыматум актывізаваў пратэст

Пагрозы ўладаў на тыдні пра ўжыванне агнястрэльнай зброі, паведамленні пра падрыхтоўку правакацый падчас мірных пратэстаў, гвалт на папярэднім нядзельным маршы не спрацавалі — партызанскі марш 18 кастрычніка быў сапраўды масавым.
Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

«Блеф уладаў не прайшоў, мэта пагроз — мінімізаваць колькасць удзельнікаў — не дасягнутая. Чым больш людзей, тым менш гвалту», — адзначае ў інтэрв'ю Thinktanks.by заснавальнік Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі, палітолаг Андрэй Ягораў.

Далейшая дынаміка пратэсту будзе шмат у чым залежаць ад дынамікі палітычных падзей, ад дзеянняў улады і дзеянняў Святланы Ціханоўскай і Каардынацыйнай рады. «Без актыўных дзеянняў можа быць і паслабленне пратэсту. Але, з іншага боку, пратэсная актыўнасць можа пераходзіць у іншыя формы, дэцэнтралізоўвацца, сыходзіць углыб, што таксама адбываецца цяпер. Але без падмацавання палітычнымі крокамі, напэўна, прагрэсаваць не будзе. І тут ультыматум Ціханоўскай гуляе пазітыўную ролю», — лічыць Андрэй Ягораў.

Хоць, як заўважае палітолаг, катэгарычнасць ультыматуму нясе пэўную рызыку для пратэснага руху: «Калі ты не можаш выканаць пагрозу, то лепш яе не аб'яўляць, а поўнай упэўненасці тут няма. З іншага боку, на гэтым этапе такім ультыматумам можна выйграць некаторую актывізацыю пратэсту. Ціханоўская робіць такое дзеянне, таму што трэба нейкае дзеянне. Тым больш, што яно тут і цяпер падзяляецца часткай працоўных калектываў і пратэстоўцамі. Ёсць верагоднасць, што пратэст пяройдзе ў новую якасць альбо адновіць яго масавасць у яшчэ большых маштабах, акажа ўплыў на актыўнасць людзей у незалежных прафсаюзах на прадпрыемствах».

«Калі разглядаць увесь гэты пратэст у генезіс, то ён увесь час мяняўся. Калі пасля выбараў былі спантанныя выступы людзей, неарганізаваных груп, то далей ён усё больш і больш арганізоўваўся і пераходзіў да новых формаў. Да пратэсту пастаянна далучаліся новыя групы. Ён мяняў форму ад флэшмобных атракцый, карнавальных рэчаў, міграваў з цэнтра ў раёны, мяняў геаграфію хаджэння з цэнтра да плошчы Незалежнасці, і наадварот ад цэнтра ў спальныя раёны. Частка пратэснай энергіі сыходзіць у самаарганізацыю груп, гэта зусім іншы працэс, які развіваецца на ўзроўні самаарганізацыі грамадства. Мы бачым, што ўзнікаюць дваровыя супольнасці, адбываецца самаарганізацыя прафесійных груп і г.д. і г.д.. Гэта таксама можна лічыць формай пратэсту. То-бок, людзі змагаюцца за раздзяржаўленне грамадскіх сфер, яны спрабуюць вяртаць грамадскі кантроль над гэтымі сферамі. Гэта адбываецца ўсюды — ад медыцыны да адукацыі, спорту», — адзначыў палітолаг.

Улада таксама спрабуе шукаць новыя формы процідзеяння. Заклікі з экранаў дзяржТБ аб фарміраванні народнага адказу на вулічныя акцыі, пошук жадаючых «папрацаваць» на мірных пратэстах «народнымі дружыннікамі». «Але гэта вельмі рызыкоўны і тупіковы шлях для ўладаў — ён будзе толькі паглыбляць грамадскі раскол і аслабляць беларускае грамадства. Ды і складана тэхнічна рэалізаваць такія ідэі. Купіць гэтыя групы? Пераканаць, прымусіць туды пайсці? Наўрад ці ў дзяржавы ёсць такія магчымасці. Дастаткова паглядзець на мітынгі ў падтрымку Лукашэнкі — адкуль жа уладам узяць людзей, гатовых на больш радыкальныя дзеянні? Адстаўнікі з сілавых структур наўрад ці будуць бегаць з павязкамі і палкамі на акцыях пратэсту, разумеючы рызыкі, арганізацыі накшталт БРСМаўцаў таксама не мабілізуюцца», — лічыць Андрэй Ягораў.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: