Андрэй Макарэвіч: ёсць вялікая небяспека, што «бацька» наабяцае, народ крыху супакоіцца і ўсё заціхне, як у Маскве ў свой час

Лідар гурта «Машина времени» Андрэй Макарэвіч у інтэрв'ю «Радыё Свабода» нагадаў пра свае беларускія карані і паразважаў аб апошніх падзеяў на сваёй гістарычнай радзіме. 

Фота ТАСС

— У інтэрв’ю беларускім СМІ вы казалі, што вас можна лічыць беларусам па бацькоўскай лініі. Вашы карані на Берасцейшчыне, наколькі я ведаю. Як беларус, скажыце, а чым Беларусь і беларусы адрозніваюцца ад Расіі і расейцаў?

— Мае карані — вёска Паўлавічы, Пружаншчына... Чым адрозніваюцца расіяне і беларусы? Гэта салідарнасць, якую мы назіраем ужо 100 дзён. З гэтым пытаннем нашмат больш складана ў такой велізарнай краіне, як Расія, паколькі яна вельмі разнародная, маса народнасцяў, маса людзей, якія прыехалі. Усё гэта даўно перамяшалася. І хто сапраўдны масквіч, каго лічыць карэнным жыхаром Расіі, у якім калене? У Беларусі, хоць гэта і немаленькая краіна, усё роўна ёсць адчуванне супольнасці — вось мы беларусы і вось нашы межы. Можа, дзякуючы гэтаму ўдаецца трымацца.

Трэба толькі замацаваць гэтую гісторыю і дамагчыся свайго, бо ёсць вялікая небяспека, што «бацька» наабяцае, народ крыху супакоіцца — і ўсё заціхне, як у Маскве адбылося ў свой час.

— Як вы мяркуеце, ці ёсць цяпер небяспека з боку Расіі для беларускай незалежнасці? Бо ўсе заходнія сувязі практычна разарваныя Аляксандрам Лукашэнкам...

— Я вельмі спадзяюся, што няма пагрозы незалежнасці Беларусі. Вельмі спадзяюся, хачу верыць. Прынамсі, на сённяшні дзень Расія, на мой погляд, паводзіць сябе абсалютна слушна ў гэтай гісторыі. Не ўмешваецца. Можа, выказваецца пэўная думка, але няма нейкай вайсковай дапамогі. Спадзяюся, што так і будзе.

— Мы размаўляем у суботу. У нядзелю адбудзецца чарговы мірны марш, на які выйдуць людзі, ведаючы пра магчымая арышты, рэпрэсіі, няцёплае надворʼе. Што б вы гэтым людзям сказалі?

— Магу сказаць толькі, што я на іхным баку. А далей — яны дарослыя людзі, зрабілі свой выбар кожны сам па сабе.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: