Андрэй Шарэнда расказаў, як уцякаў з Беларусі і што пабачыў на мяжы з Літвой

З актывістам гутарыла «Свабода».
Брэсцкаму актывісту Андрэю Шарэнду ў Беларусі пагражала да 5 гадоў пазбаўлення волі. Яго абвінавацілі ў паклёпе на Лукашэнку (артыкул 367 КК). 4 чэрвеня яго жонку, актывістку «Еўрапейскай Беларусі» Паліну Шарэнда-Панасюк асудзілі на 2 гады.

Суд над Андрэем Шарэндам распачаўся 28 чэрвеня, але ён на працэс не з'явіўся, хоць быў пад хатнім арыштам. 2 ліпеня стала вядома, што актывіст уцёк з Беларусі.

«Я вырашыў не станавіцца чарговым закладнікам рэжыму і дзейнічаць далей на карысць Беларусі. Звязаўся з сябрамі, якія параілі перайсці мяжу з Літвой. Я пасяліўся ў адным з памежных гарадоў. Мы дамовіліся з Вольгай Паўлавай [актывістка «Страны для жизни». — РС.] перайсці мяжу разам. Ніякага плота там няма, але ёсць паняцце памежнай зоны і на ўсіх дарогах стаяць кантрольна-прапускныя пункты, дзе дзяжураць памежнікі, ва ўсіх вёсках ёсць інфарматары памежнікаў і спецслужб», — расказаў Андрэй Шарэнда на прэс-канфэрэнцыі ў Вільні, прысвечанай палітычным і эканамічным мігрантам з Беларусі і іншых краін.

Андрэй Шарэнда кажа, што, па яго звестках, за кожнага злоўленага чалавека, які спрабуе нелегальна перасекчы мяжу, памежнікі атрымлівалі прэмію. Таму ён выказаў думку, што цяпер гэтая міграцыя арганізаваная.

«Нас падвезлі да бліжэйшага ад мяжы пункта, дзе няма КПП. І мы проста ноччу праз лес практычна дайшлі да месца, дзе думалі пераходзіць. Літаральна за 300 метраў ад месца пераходу ўбачылі разбіты лагер. Там быў нацягнуты вайсковы тэнт, памежнікі, — расказвае Андрэй Шарэнда. — Мы вырашылі не рызыкаваць і па кароткай дарозе пабеглі да мяжы. Спачатку трапілі ў балота, але ўсё ж апынуліся на тэрыторыі Літвы і пачалі шукаць памежнікаў, каб да іх звярнуцца па палітычны прытулак».

Андрэя і Вольгу размясцілі на адной з памежных застаў.

«Аказалася, што проста за намі прайшла група мігрантаў у тым жа месцы, дзе і мы. Можна зрабіць выснову, што той лагер быў разбіты менавіта для іх. Калі я яшчэ хаваўся на канспіратыўнай кватэры ў горадзе недалёка ад мяжы, мясцовыя жыхары расказвалі, як гэта адбываецца: яны неаднаразова бачылі бусы, якія праходзяць памежныя пункты і пад’язджаюць да памежнай зоны, куды простыя людзі, па сутнасці, не маюць доступу. Відавочна, што гэта робіцца арганізавана і за грошы».

За чатыры дні Андрэй і Вольга сутыкнуліся з некалькімі групамі мігрантаў. Тыя расказвалі, што заплацілі за свой «перакід» праз мяжу.

«Ясна, што гэтым займаецца беларускі бок, які зарабляе на гэтым. І, самае цікавае, нават не прыдумаў ім нармальнай легенды, па якой гэтыя мігранты могуць папрасіць палітычнага прытулку. Калі міграцыйныя службы пыталіся ў іх, як яны трапілі ў Беларусь, некаторыя кажуць, што былі студэнтамі Гродненскага універсітэта, хоць слова сказаць не могуць па-беларуску. Некаторыя распавядаюць, што прыплылі ў Мінск на лодцы з Лівана», — расказвае Андрэй Шарэнда.

Ён звяртае ўвагу, што многія з мігрантаў нават не разумеюць, дзе яны. Ім абяцалі, што «перакінуць» у Еўрасаюз, але куды канкрэтна, не паведамілі.

«Мы бачылі людзей з немаўлятамі на руках, а памежная застава — гэта не месца для дзяцей. Хоць самі памежнікі вельмі добра да ўсіх ставяцца, але яны проста не спраўляюцца. Людзі, якія незаконна перасякаюць мяжу, — проста разменная карта. Гэта каласальная трагедыя для тых, хто трапіў у такую сітуацыю», — сказаў на прэсавай канфэрэнцыі Андрэй Шарэнда.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: