Андрэй Вітушка: Хлопца, які ўключыў «Перамен» у Кіеўскім скверы, трымалі ў карцары без адзення

Андрэй Вітушка — дзіцячы лекар-рэаніматолаг, кандыдат медыцынскіх навук. Увечары 10 жніўня супрацоўнікі АМАП затрымалі яго 16-гадовага сына Мірона. Разам з жонкай Крысцінай яны прыехалі да Цэнтральнага РАУС, каб даведацца, дзе сын, і забраць яго. Замест гэтага яны самі былі затрыманыя.
Улад Сакалоўскі і Кірыл Галаванаў

Улад Сакалоўскі і Кірыл Галаванаў

Увечары 10 жніўня Андрэя Вітушку, лекара-рэаніматолага, затрымалі каля будынка Цэнтральнага РАУС. Туды ён прыехаў разам з жонкай, каб забраць непаўналетняга сына Мірона, якога павёз АМАП. Больш за трое сутак Андрэй правёў у цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў з Акрэсціна — у адной камеры з Уладзіславам Сакалоўскім, які ўключыў песню «Перемен» на афіцыйным мерапрыемстве, за што суд пакараў яго 10 суткамі адміністрацыйнага арышту. Палову з іх, пераказвае словы Улада Андрэй, той правёў у карцары. У камеру яго перавялі без адзення, у адной бялiзне.

Першыя пяць сутак Уладзіслаў знаходзіўся ў карцары. Гэта такое невялікае памяшканне, дзе ёсць ложак, які прышпіляецца да сцяны і адкідваецца толькі на ноч, кран, замест ракавіны — сметніца, і так званая «параша», то бок прыбіральня. Улад распавядаў, што там было халодна, на падлозе — хлорка. Паводле яго словаў, першыя двое сутак яму не давалі спаць — проста не адкідвалі ложак, таму ён сядзеў на зэдліку альбо на падлозе. Астатнія трое сутак яму ўжо дазвалялі спаць уначы. Ясна, што ніякіх перадач яму не перадавалі.

Праз пяць сутак Улада перавялі ў камеру да Андрэя. Ён быў без адзення — у адной бялiзне.

— Да нас яго перавялі ў адных майтках, з босымі нагамі. Сказаў, што адзенне забралі. Уладзіслаў — нармальны, адэкватны, харошы, разумны малады чалавек. Трымаўся бадзёра. Было відаць, што яму няпроста трываць гэта ўсё, але ён трымаецца. Радаваўся салідарнасці людзей, таму, што яго памятаюць. Быў здзіўлены, што яму з калегам Кірылам Галанавым сабралі сродкі. Выказваў некаторыя апасенні, што будуць шыць дадатковыя крымінальныя справы, каб адпомсціць за ўчынак. Мы стараліся пераканаць у адваротным, што цяпер ён пад моцным грамадскім наглядам.

Андрэй Вітушка кажа, што многія на Акрэсціна распавядалі менавіта пра Улада. Аб другім хлопцы — Кірыле Галанаве — ён нічога не чуў.

— Галоўнае, каб на хвалі таго, што ў нас пару тысяч чалавек выйшла на волю, пасядзеўшы трое суток, мы не забылі пра тых, каму цяжка і чые правы парушаюцца. Менавіта праз гэта вырашыў звярнуцца да вас. У камеры банальна няма чым заняцца. Ты пагружаны ў свае думкі, таму там крытычна важна мець нешта пачытаць. Трэба нечым заняць сваю свядомасць. Не зашкодзіў бы яму паложаны душ, прагулкі, перадачы — гэта ўсё прадугледжана заканадаўствам.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: