Андрэя Галавача, які правёў у СІЗА 50 месяцаў, суд апраўдаў у чацвёрты раз!

Сёння суд Першамайскага раёна Мінска абвясціў прысуд галоўнаму інжынеру МЗКЦ Андрэю Галавачу, які знаходзіцца за кратамі ўжо 50 месяцаў. Яго прызналі невінаватым у атрыманні хабараў і злоўжыванні ўладай. Былы галоўны інжынер МЗКЦ — рэкардсмен па часе, што правёў у СІЗА, хоць па першай справе ён быў апраўданы ў судзе тройчы.

 

Галоўны інжынер МЗКЦ падпісвае дакументы аб вызваленні ля будынку суда. Фота: Кацярына Барысевіч, TUT.BY

“Невінаваты”, — такі прысуд у дачыненні да галоўнага інжынера МЗКЦ у пятніцу, 19 ліпеня, пастанавіў суд Першамайскага раёна, паведамляе TUT.BY.


Чытайце таксама: Чаму сядзіць тройчы апраўданы Галавач?

Напярэдадні пракурор Юрый Шарснёў заявіў: віна Галавача даказаная ў поўным аб'ёме. І папрасіў суд прызнаць Андрэя Галавача вінаватым і прысудзіць да 9 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці.

Абаронцы галоўнага інжынера МЗКЦ даводзілі адваротнае: ні адзін з чатырох хабарадавальнікаў не з'явіўся на працэс, іх паказанні падчас папярэдняга расследавання непаслядоўныя і супярэчлівыя, няма ні відэа, ні аўдыёзапісаў, якія б пацвярджалі, што Галавач браў хабары. Таму іх падабароннага трэба апраўдаць па ўсіх пунктах абвінавачвання.

Сама справа, якую мы сёння разбіраем, заведзеная 5 лютага 2018 года — праз 15 хвілін пасля абвяшчэння апраўдальнага прысуду. Мяне затрымліваў той жа следчы, які вёў справу, па якой я быў апраўданы. Гэта наогул ставіць пад сумнеў аб'ектыўнасць правядзення следства”, — распавёў 16 ліпеня падчас працэсу Андрэй Галавач.

На мой погляд, дадзеная справа складаецца з адных сумневаў. (...) Я веру, што высокі суд прыме справядлівае рашэнне — і ўвесь гэты кашмар скончыцца”, — казаў у сваім апошнім слове Андрэй Галавач.

Суд выслухаў бакі — і пайшоў у дарадчы пакой на два дні.

Сёння суддзя Святлана Чараповіч абвясціла прысуд. Андрэй Галавач прызнаны не вінаватым па ч. 2, 3 арт. 430 КК (Атрыманне хабару ў асабліва буйным памеры), ч. 2 арт. 424 (Злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі). Таму суд пастанавіў апраўдаць Андрэя Галавача.

Пасля абвяшчэння прысуду Андрэя Галавача адразу ж адпусцілі.

Фота: Кацярына Барысевіч, TUT.BY

Падчас працэсу галоўны інжынер МЗКЦ распавядаў, што знаходзіцца за кратамі ўжо 50 месяцаў, і “вельмі хочацца дадому”.

— Цяпер я веру ў справядлівасць! — заявіў Галавач на прыступках суда. — Я верыў з першага дня, што так і будзе!

Цяпер у галоўнага інжынера МЗКЦ ёсць права звяртацца ў суд пазовам аб кампенсацыі маральнай шкоды ў сувязі з утрыманнем у СІЗА.

 

 

Фота: Кацярына Барысевіч, TUT.BY


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!