Англійскі пераклад кнігі Віктара Марціновіча "Параноя" выпушчаны ў амерыканскім выдавецтве

Раман беларускага журналіста і пісьменніка Віктара Марціновіча "Параноя" перакладзены на англійскую мову і апублікаваны ў амерыканскім выдавецтве North Western University Press. Англамоўная версія кнігі з'явілася ў інтэрнэт-краме Amazon 31 сакавіка.



Прапанову ад выдавецтва Марціновіч атрымаў яшчэ два гады таму. Як паведаміў пісьменнік у інтэрв'ю БелаПАН, раман "Параноя" выйграў перакладчыцкі конкурс амерыканскага ПЭН-цэнтра, у якім удзельнічала 115 твораў з розных краін. У выніку перакладам тэксту займалася прафесар славістыкі Дайэн Немец-Ігнашова.
 

Фрагмент англамоўнай "Параноі" быў апублікаваны ў літаратурным часопісе Epiphany, і, паводле слоў  Марціновіча, "пераклад быў фантастычным". Акрамя таго, агляд кнігі быў апублікаваны ў прэстыжным спецыялізаваным выданні Publishers weekly.
 

А вось вокладка "Параноі", якую выдавецтва ўзгадняла з аўтарам, здзівіла Марціновіча. "Мне было дзіўна бачыць, што "Параноя" ў іх асацыюецца з сонечным днём на плошчы Перамогі", — патлумачыў пісьменнік.
 

Раман "Параноя" выйшаў у 2009 годзе ў расійскім выдавецтве "АСТ" і апавядае пра адносіны пісьменніка з каханкай кіраўніка краіны, падобнай да Беларусь. Першы час кніга свабодна прадавалася ў Беларусі, але прыкладна праз месяц пасля яе выхаду купіць раман у Мінску аказалася немагчыма. Па чутках, на кнігу была накладзеная негалосная забарона ўладаў. У выніку на кніжных аўкцыёнах цана на раман рэзка падскочыла, а сам твор атрымаў вялікае распаўсюджанне ў электронным варыянце ў інтэрнэце.
 

Поруч з выхадам англамоўнай "Параноі" Віктар Марціновіч рыхтуе да выпуску новую кнігу — раман "Сфагнум". Падрабязнасці аўтар пакуль не раскрывае, але вядома, што раман выйдзе адначасова на рускай і беларускай мовах. Беларускамоўная версія будзе апублікаваная ў серыі "Беларускі кнігазбор", а рускамоўная — выйдзе ў электронным выдавецтве  "Пяршак".
 

Яшчэ у рукапісе "Сфагнум" трапіў у спіс прэстыжнай рускай прэміі "Нацыянальны бестселер" 2013 года.

Анастасія Салановіч, БелаПАН

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: